Гомельскі аўтапарк адмяняе рэйсы ў расійскі горад Навазыбкаў
Аўтобус на Навазыбкаў / ілюстрацыйнае фота
Аўтапарк №1 прадпрыемства "Гомельаблаўтатранс" з 12 ліпеня адмяняе аўтобусныя рэйсы з Гомеля ў расійскі Навазыбкаў, які знаходзіцца ў Бранскай вобласці. Гэты рэйс быў адкрыты нядаўна — 10 траўня 2026 года. Аўтобусы туды адпраўляліся двойчы на тыдзень — у 6:30 па панядзелках і 11:30 па нядзелях.
Афіцыйна прычына адмены не паведамляецца. Журналісты выдання "Флагшток" затэлефанавалі ў аўтапарк як пасажыры. Там патлумачылі рашэнне эканамічнай немэтазгоднасцю: рэйсы слаба напаўняюцца.
Цяпер з Навазыбкава ў Гомель і назад будуць ездзіць толькі прыватныя перавозчыкі — прычым толькі расійскія. Праз Навазыбкаў ідзе частка аўтобусаў у Бранск і Курск. Даехаць цягніком з Гомеля ў Навазыбкаў каштуе ўдвая даражэй, чым на аўтобусе.
Апошнім часам у Бранскай вобласці адбыліся два інцыдэнты з беларускімі аўтобусамі. Яны, як паведамлялася, трапілі пад удар беспілотнікаў.