Упершыню з Расіі не дазволілі вывезці больш за 10 л бензіну ў Беларусь

Аўтамабіль, ілюстрацыйнае фота

Аўтамабіль, ілюстрацыйнае фота

На расійска-беларускай мяжы ўпершыню не дазволілі вывезці бензін з Расіі ў Беларусь. Інцыдэнт здарыўся на выходных на трасе Смаленск-Мсціслаў (КПП Каськова-Клюкіна), заўважылі праваабаронцы з MayDay.

Расійскія памежнікі спаслаліся на тое, што ў Расіі забаронены вываз паліва за мяжу. Паводле іх, у дадатковай каністры павінна быць не больш за 10 літраў паліва.

Дарэчы, вываз бензіну і дызельнага паліва з Беларусі ў РФ не абмежаваны ніякімі пастановамі. Гэта ўжо прывяло да дэфіцыту каністраў у памежных раёнах.

Таксама на мінулых выходных на беларуска-расійскай мяжы стаялі незвычайна вялікія чэргі, пішуць праваабаронцы. На галоўным КПП "Красная Горка" (траса М1 Мінск-Масква) даводзілася чакаць да пяці гадзін. У пэўны момант кіроўцы нават стварылі жывую загароду, каб не прапускаць фуры, якія станавіліся ў паласу для легкавых машын. Для легкавікоў памежнікі адкрылі адразу тры паласы.

Пры ўездзе ў Расію ва ўсіх падарожнікаў правяралі і сканавалі пашпарты. Упершыню быў зафіксаваны выпадак, калі на ўездзе ў Беларусь беларускія мытнікі правялі надгляд з сабакам легкавога аўтамабіля.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.