Чарговы буйны фестываль адмянілі ў Беларусі
На фэсце "Наш Грунвальд" / instagram.com/fest_nashgrunwald
Пад адмену трапіў чарговы буйны фэст у Беларусі. Цяпер гаворка ідзе пра гістарычны фестываль-рэканструкцыю "Наш Грунвальд". Ён мусіў адбыцца пры канцы ліпеня ў музейным комплексе "Дудуткі".
"З вялікім шкадаваннем паведамляем: нягледзячы на каласальную падрыхтоўку, шматмесячную працу і ўсе нашы намаганні, XVII фестываль гістарычнай рэканструкцыі "Наш Грунвальд — 2026" не адбудзецца ў канцы ліпеня ў Дудутках, як гэта было 16 гадоў запар. Абставіны склаліся так, што правесці фестываль у запланаваныя даты мы не зможам", — напісалі ў сацсетках арганізатары.
Прычына адмены фэсту не называецца. У камандзе кажуць, што разглядаюць магчымасць правесці фэст у іншым месяцы. Калі гэта не атрымаецца, фестываль будзе перанесены на наступны год: "Мы ўпэўненыя: звон мячоў абавязкова вернецца ў Дудуткі!"
"Наш Грунвальд" — самы стары і вялікі фестываль гістарычнай рэканструкцыі ў Беларусі. Ён ладзіцца з 2008 года. Фжст прысвечаны Грунвальдскай бітве 15 ліпеня 1410 года, у якой аб'яднаныя войскі Польшчы і Вялікага княства Літоўскага атрымалі перамогу над Тэўтонскім ордэнам.
Раней паведамлялася, што гэтым летам у Беларусі адмянілі шэраг вялікіх музычных фэстаў. Гэта адбылося пасля стварэння рэестра арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў, у які трапілі выбарачныя прыватныя кампаніі.