Анатоль Котаў, верагодна, быў выкрадзены супрацоўнікамі ФСБ на яхце ў Абхазіі

Яхта Shells

Яхта Shells / Superyacht times

Беларускі апазіцыйны палітык Анатоль Котаў знік 22 жніўня 2025 года пасля таго, як расійскія памежнікі знялі яго з яхты каля берагоў Абхазіі. Да такой высновы прыйшлі журналісты БРЦ, Deutsche Welle і OCCRP па выніках амаль гадавога расследавання.

Котаў вылецеў з Варшавы 21 жніўня 2025 года, дабраўся да турэцкага Трабзона і падняўся на борт 30-метровай маторнай яхты Shells. Акрамя яго, на борце знаходзіліся беларус Юрый Пузікаў, расіяне Юрый Галаванаў і Пётр Грыб, а таксама грамадзянка Іарданіі Кахіра Эйналава, высветлілі расследавальнікі.

Афіцыйным маршрутам значыўся Сочы, а мэтай паездкі быў турызм. Яны нібыта планавалі наведаць маляўнічы манастыр і прыняць удзел у духоўнай цырымоніі.

Анатолий Котов предположительно похищен сотрудниками ФСБ на яхте в Абхазии
Карта: Яна Міцкевіч, Беларускі расследавальніцкі цэнтр

Аднак капітан атрымаў указанне накіроўвацца ў Сухумі — сталіцу самаабвешчанай Абхазіі. Раніцай 22 жніўня, пакуль Котаў знаходзіўся ў каюце, да яхты падышло расійскае ваеннае патрульнае судна.

Паводле даных расследавальнікаў, па адной з версій, расійскія пасажыры выклікалі берагавую ахову, заявіўшы, што Котаў ноччу напаў на іх. Памежнікі ФСБ падняліся на борт, вывелі беларуса, загадалі капітану выключыць яго са спіса пасажыраў і перавялі на свой карабель. Астатнія пасажыры засталіся на яхце.

Хто ўсе гэтыя людзі

Журналісты-расследавальнікі ўстанавілі сувязь арганізатараў паездкі з сеткай, падкантрольнай ветэрану беларускіх спецслужбаў Юрыю Серых — саўладальніку кампаніі "БТС Глобал", якая вырабляе беспілотнікі. Пузікаў і Галаванаў праз ланцужок кампаній і арганізацый таксама звязаны з гэтай структурай.

Яхта Shells пасля берагавой аперацыі была прададзена і перайменавана ў YS Legacy — абрэвіятура супадае з ініцыяламі Юрыя Серых; заяўку на аднайменны таварны знак у сакавіку 2026 года падала "БТС Глобал".

У размове з журналістамі чацвёртая пасажырка яхты Shells Кахіра Эйналава заявіла, што яе з Анатолем Котавым звязвалі рамантычныя адносіны.

Анатолий Котов предположительно похищен сотрудниками ФСБ на яхте в Абхазии
Анатоль Котаў (злева) і Кахіра Эйналава / Крыніца БРЦ

Дзе Котаў і ці жывы ён?

Афіцыйныя органы Расіі і Беларусі ў адказах на запыты расследавальнікаў заявілі, што Котаў не затрымліваўся і ў месцах пазбаўлення волі не знаходзіцца. Нацыянальная пракуратура Польшчы ў верасні 2025 года адмовіла ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Польская паліцыя на працягу дзесяці месяцаў пасля знікнення не дапытала нікога са сваякоў і знаёмых палітыка.

Нагадаем, што ў ліпені 2024 года Брэсцкі абласны суд завочна прысудзіў Котаву 12 гадоў калоніі. Да эміграцыі ён займаў пасады ў МЗС, пасольстве Беларусі ў Польшчы, Адміністрацыі прэзідэнта і НАК.

У эміграцыі ў Польшчы Котаў спрабаваў займацца бізнесам, працаваў у НАУ, але сышоў адтуль са скандалам.

18 чэрвеня 2026 года Анатолю Котаву спаўняецца 46 гадоў. Яго месцазнаходжанне па-ранейшаму невядомае.

Цалкам пра расследаванне чытайце тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.