Інспектаркай па Магілёўскай вобласці стала Надзея Каткавец — аўтарка "хаатычных цэнаў"
Надзея Каткавец / СТБ
У "вялікую палітыку" вяртаецца Надзея Каткавец. 8 ліпеня Лукашэнка прызначыў яе сваёй памочніцай — інспектаркай па Магілёўскай вобласці.
Папярэдняе вядомае месца працы Каткавец — Беларуская нацыянальная біялагічная карпарацыя. Гэтая кампанія, створаная ў 2016-м, мелася быць перадавым стартапам. Аднак штосьці пайшло не так — і сёння БНБК не можа выжываць без дапамогі ад уладаў.
Каткавец была намесніцай міністра сельскай гаспадаркі. На гэтай пасадзе яна праславілася заявай пра "хаатычна складзеныя цэны", калі спрабавала патлумачыць, чаму ў Беларусі падаражэла бульба. Потым яна займала пасаду намесніцы кіраўніка спраў Лукашэнкі. Нядаўна чыноўніца стала кандыдаткай навук.
Акрамя яе ў сераду былі прызначаныя яшчэ два памочнікі Лукашэнкі. Першы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Юрый Валяваты перасядзе ў фатэль інспектара па Гомельскай вобласці. А выхадзец з КДБ Дзмітрый Рэвуцкі робіцца інспектарам па Мінску.