Жыхарка пагарэлага мінскага дома адмовілася засяляцца ў інтэрнат

Пагарэлы дом на вуліцы Леніна

Пагарэлы дом на вуліцы Леніна / "Мінск-Навіны"

Жыхарка адной з кватэр пагарэлага мінскага дома на вуліцы Леніна адмовілася засяляцца ў інтэрнат. Жанчына раскрытыкавала ўмовы і заявіла, што ёй забараняюць забраць з сабой сабаку. Эмацыйнае відэа яна выклала ў сацсеткі.

"У выніку я апынулася без жылля. Чаму? Бо жыллё, якое далі, з сабакамі туды не пускаюць, і там агідныя санітарна-гігіенічныя ўмовы", — заявіла мінчанка.

Таксама жанчына казала, што часовы дах працякае, як працякаў і ранейшы. Мінчанка заяўляла, што няма ніякай інфармацыі наконт перспектываў рамонту.

Відэа трапіла на вочы чыноўнікам, і адміністрацыя Лекнінскага раёна вырашыла абвергнуць заявы.

"Грамадзянам прадастаўлены добраўпарадкаваныя памяшканні (фота прыкладаецца). Кіраўніцтвам прадастаўленых інтэрнатаў дазволена размяшчэнне з хатнімі гадаванцамі, факт могуць пацвердзіць жыхары дома на пр. Незалежнасці, 22. Аплата за пражыванне з пацярпелых не бралася. У выпадку нездавальняючага самаадчування жывёлы можна было звярнуцца ў прадпрыемства "Фаўна горада" па вул. Гурскага, 42", — перадае дзяржаўнае агенцтва "Мінск-Навіны" каментар чыноўнікаў. Праўда, фота "добраўпарадкаваных памяшканняў" дзяржагенцтва не апублікавала.

Таксама чыноўнікі заявілі, што на ўваходзе ў пад'езды дома вывешаныя абвесткі з кантактамі для аператыўнай сувязі і вырашэння праблемных пытанняў. Акрамя таго, створаны чат, "дзе грамадзяне могуць задаць пытанні і атрымаць цікавую інфармацыю". Пры неабходнасці уласнікам пашкоджаных кватэр могуць даць часовае жыллё і сёння.

У самім доме аднавілі падачу газу і вады. Дазвол на ўключэнне электрычнасці атрыманы для кватэраў да трэцяга паверху ўключна. Падключаць яе будуць толькі ў прысутнасці ўласніка памяшкання. Астатнія паверхі застаюцца без электрычнасці, бо там патрабуецца прасушка.

Пажар на даху дома №9 па вуліцы Леніна адбыўся 28 чэрвеня. Агонь ахапіў плошчу больш за 1000 квадратных метраў. Патушыць яго змаглі толькі праз восем гадзінаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.