Вызначана пяцёрка найвыбітнейшых беларусак
Магдалена Радзівіл
Вызначана пяцёрка найвыбітнейшых беларусак. Па выніках “народнага” і экспертнага галасавання, арганізаванага ініцыятывай Maldzis, у яе ўвайшлі Магдалена Радзівіл (намінацыя "Мецэнацтва"), Ганна Тумаркіна ("Навука"), Соф'я Гальшанская ("Палітыка"), Ларыса Геніюш ("Мастацтва") і Алена Аладава ("Бізнес і менеджмент").
Князёўна Радзівіл (1861 — 1945) — галоўная мецэнатка беларускага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя. Ніводная сфера тагачаснага жыцця не абышлася без яе ўплыву.
Тумаркіна (1875 — 1951) — ураджэнка Дуброўна, першая ў Еўропе жанчына-доктарка філасофскіх навук. Жыла ў Швейцарыі.
Князёўна Гальшанская (каля 1405 — 1461) — родапачынальніца каралеўскай дынастыі Ягелонаў. Каралева вызначалася талерантнасцю, мудрасцю і адыграла значную ролю ў палітычным жыцці дзяржавы.
Геніюш (1910 — 1983) — беларуская паэтка, пісьменніца, грамадская дзеячка, рэпрэсаваная ў сталінскія часы. Дзякуючы перакананням і цвёрдаму характару яе называлі Нязломнай і Няскоранай. Ларыса Геніюш стала сімвалам антысавецкага супраціву.
Аладава (1907 — 1986) больш за 30 гадоў кіравала Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі, прысвяціла сваё жыццё вяртанню страчаных нацыянальных каштоўнасцяў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.