У Жлобінскім раёне у "механізаваны атрад" змаглі набраць толькі некалькі чалавек
Механізатар і новая тэхніка
У Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці працягваюць фармаваць "механізаваны атрад" для падтрымкі сельскай гаспадаркі. Ён атрымае не менш за 35 адзінак новай тэхнікі. Але галоўнай праблемай стаў пошук механізатараў і кіроўцаў — агулам каля 80 чалавек.
Як піша раённая газета, пакуль заявы падалі толькі некалькі жадаючых працаўладкавацца (а паказалі толькі аднаго). І гэта пры тым, што механізатарам і кіроўцам прапануюць заробак ад 3 да 5 тысяч рублёў. Летась раённае кіраўніцтва думала, як вярнуць тых спецыялістаў, якія выехалі на заробкі ў Расію. Каб не забіраць іх з іншых сельгасарганізацый, прапаноўвалася арганізаваць дастаўку механізатараў і кіроўцаў з іншых раёнаў вобласці.
Асноўным месцам базавання "мехатрада" на Жлобіншчыне стане мехдвор у вёсцы Новыя Лукі. Гэта ў ёй дагэтуль не адрамантавалі дом, які пацярпеў пасля ўрагану ліпеня 2024-га, пра што гаворка нядаўна ішла ў старшыні Гомельскага аблвыканкама. Паступілі ўжо 7 трактароў і 2 збожжаўборачныя камбайны. Чакаюць яшчэ больш за два дзясяткі адзінак тэхнікі.
Аляксандр Лукашэнка "даручыў" у 2025 годзе стварыць "механізаваныя атрады" ў Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях. Толькі на Гомельшчыне іх будзе пяць. "Даручэнне" трэба выканаць да пачатку вясновых палявых работ.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.