У Жлобінскім раёне ствараюць "механізаваны атрад", а кадраў для яго няма

У Жлобіне думаюць, як выканаць даручэнне Лукашэнкі

У Жлобіне думаюць, як выканаць даручэнне Лукашэнкі / ndsmi.by

У Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях думаюць, як выканаць даручэнне Аляксандра Лукашэнкі аб стварэнні ў 2025 годзе "механізаваных атрадаў" для падтрымкі сельскай гаспадаркі. Толькі на Гомельшчыне іх будзе пяць (іх створаць "за кошт абласнога бюджэту"). Адзін з іх — у Жлобінскім раёне. У мясцовым райвыканкаме пакуль не ўяўляюць, як забяспечыць "механізаваны атрад" кадрамі.

Як піша раённая газета, у "мехатрад" на Жлобіншчыне будуць уваходзіць не менш за 35 адзінак тэхнікі: энерганасычаныя трактары, глебаапрацоўчыя машыны, збожжаўборачныя і кормаўборачныя камбайны, аўтатранспарт для адвозкі кармоў і збожжа. Ужо паступілі чатыры трактары. Да пачатку масавых вясновых палявых работ тэхніка павінна быць гатовая выйсці ў поле.

На нядаўнім пасяджэнні Жлобінскага райвыканкама было агучана, што патрэбныя "не менш за 40 механізатараў, прыкладна столькі ж кіроўцаў". "Задача — знайсці механізатараў і вадзіцеляў, не агаляючы кадры іншых сельгасарганізацый раёна, — казаў старшыня выканкама Сяргей Ярэц. — Нашы рэзервы: гараджане і тыя, хто з'язджае на заробкі ў Расію".

Якім чынам будуць спрабаваць прыцягнуць гэтых людзей? Заробкам "ад трох тысяч рублёў" і "камфортнымі ўмовамі працы" (бо тэхніка новая). Каб выканаць даручэнне Лукашэнкі, мясцовыя ўлады гатовыя арганізаваць дастаўку механізатараў і кіроўцаў з іншых раёнаў вобласці, каб яны працавалі вахтавым метадам.

У Жлобінскім раёне ствараюць "механізаваны атрад", а кадраў для яго няма

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі