ЗША павялічылі ўзнагароджанне за арышт Нікаласа Мадуры да $25 млн
Нікалас Мадура кіруе Венесуэлай з 2013 года
ЗША павялічылі ўзнагароджанне за інфармацыю, якая дазволіць арыштаваць Нікаласа Мадуру, да $25 млн (раней былі 15 мільёнаў долараў). Пра гэта было аб'яўлена ў дзень яго інаўгурацыі. Мадура аб'явіў сябе пераможцам выбараў, задушыў масавыя пратэсты і пачаў трэці прэзідэнцкі тэрмін.
Амерыканскія ўлады абвінавачваюць Мадуру ў датычнасці да кантрабанды наркотыкаў.
Як вядома, ЗША, ЕС і нямала іншых краін свету не прызнаюць перамогу Нікаласа Мадуры на прэзідэнцкіх выбарах ліпеня 2024-га. Лічыцца, што на іх перамог прадстаўнік апазіцыі Эдмунда Гансалес (у пачатку восені ён папрасіў палітычнага прытулку ў Іспаніі). А агучаныя вынікі былі сфальсіфікаваныя. Пратэсты працягваюцца дагэтуль. У Венесуэле працягваюцца і арышты.
Пасля інаўгурацыі Мадуры (на ёй прысутнічала дэлегацыя рэжыму Лукашэнкі) ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць чыноўнікаў і сілавікоў Венесуэлы. "Мадура і яго паплечнікі працягваюць рэпрэсіўныя дзеянні ў Венесуэле... Злучаныя Штаты разам з нашымі аднадумцамі салідарныя з галасаваннем венесуэльскага народа за новае кіраўніцтва і адпрэчваюць ашуканскія заявы Мадуры пра перамогу", — цытуе словы выканаўцы абавязкаў намесніка міністра фінансаў ЗША Брэдлі Сміта "Голас Амерыкі". Раней санкцыі ўвялі ЕС, Вялікабрытанія і Канада.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.