Мадура выкраў зяця апазіцыянера, а ў Італіі забаранілі хварэць — #ІхНоравы
Міжнародныя навіны
У невялікім італьянскім мястэчку ўсё настолькі дрэнна з медыцынай, што мэр горада забараніў гараджанам... хварэць. Але не палохайцеся, гэта толькі іранічны дакумент, які заклікае вышэйшыя ўлады звярнуць увагу на праблемы з медыцынай у краіне.
Хоць калі б такі закон (ужо неіранічны) выдалі ў Беларусі, наўрад ці нехта здзівіўся б.
У Венесуэле выкралі зяця апазіцыянера
Нікалас Мадура пасля выбараў выдаў ордар на арышт кандыдата ад апазіцыі Эдмунда Гансалеса, а яшчэ прызначыў узнагароду за яго злоў. Тады ж быў выкрадзены зяць Гансалеса, піша BILD.
У сацыяльнай сетцы X Гансалес напісаў, што яго зяць Рафаэль Тударэс быў "перахоплены мужчынамі ў чорнай вопратцы з капюшонамі", калі вёз сваіх дзяцей у школу.
"Яны пасадзілі яго ў залаты пікап з нумарным знакам AA54E2C і павезлі", — заявіў палітык. З таго часу пра мужчыну няма ніякіх навін.
Выкраданне адбылося адразу пасля сустрэчы Джо Байдэна і Гансалеса ў Белым доме. ЗША, як і некалькі краін Лацінскай Амерыкі, прызнаюць Гансалеса, а не Мадуру, пераможцам прэзідэнцкіх выбараў 28 ліпеня.
Апазіцыя абвінавачвае ўрад у фальсіфікацыі выбараў і заяўляе пра сваю перамогу. Паводле звестак штаба Гансалеса, у іх ёсць дакладныя вынікі больш чым 80% выбарчых акругаў, якія даказваюць, што Гансалес атрымаў каля 70% галасоў, а Мадура — толькі 30%.
Ілан Маск хоча купіць футбольны клуб "Ліверпуль"
Бацька Ілана Маска Эрал Маск у інтэрв'ю Times Radio расказаў, што прадпрымальнік збираецца купіць англійскі "Ліверпуль".
Цікавасць да куплі нібыта звязаная з тым, што многія сваякі і блізкія сям'і жывуць менавіта ў Ліверпулі.
"Яго бабуля нарадзілася ў Ліверпулі, у нас ёсць сваякі ў Ліверпулі, і нам пашанцавала ведаць многіх з The Beatles, бо яны выраслі з некаторымі з маёй сям'і", — сказаў бацька мільярдэра.
Эрал Маск адзначыў, што гэта толькі намер сына. Ці здзейсніцца купля, дакладна невядома.
Але, паводле інфармацыі крыніц The Times і Sky Sports, кіраўніцтва "Ліверпуля" не мае намеру прадаваць клуб і ніякіх прапаноў ад Ілана Маска не атрымлівала.
Рэпер Post Malone пакінуў чаявыя на $20 тысяч
Амерыканскі рэпер Post Malone напярэдадні Калядаў адпачываў у бары Х'юстана, штат Тэхас. У канцы вечара ён аплаціў рахунак і пакінуў шчодрыя чаявыя ў памеры $20 тыс.
Чаявыя дасталіся 36-гадовай маці-адзіночцы Рэнэ Браўн, якой праз працу давялося пакінуць сваю дзевяцігадовую дачку адну напярэдадні Калядаў.
Цягам вечара рэпер разам з сябрамі выпіў пару кактэйляў і танцаваў пад песні з музычнага аўтамата. Калі прыйшоў час закрыцця ўстановы, Post Malone папрасіў рахунак. Аднак не змог яго атрымаць, бо яго таварышы ўжо аплацілі напоі.
Рэпер усё роўна настойваў на разліку, бо хацеў падзякаваць Браўн за працу. Яму прынеслі рахунак на $1 тыс. Нечакана ў момант закрыцця бара афіцыянтка сярод іншых рахункаў знайшла гэты чэк. На ім былі выпісаныя чаявыя ў памеры $20 тыс.
Калі Рэнэ Браўн ўбачыла гэтую суму, то расплакалася. "Я не ведала, што Бог спашле мне калядны цуд. Гэта, безумоўна, самая сціплая і прыемная знакамітасць, з якой мне пашчасціла сустрэцца. Ён змяніў маё жыццё напярэдадні Калядаў", — сказала Браўн.
У Італіі мэр забараніў жыхарам свайго горада хварэць
Мэр Белькастра, невялікага горада ў Італіі, Антоніа Торк'я выпусціў іранічную пастанову пра забарону... хварэць. Пра гэта паведамляе Catanzaro Informa.
Кіраўнік горада выпусціў іранічны дакумент, каб звярнуць увагу вышэйшых уладаў на праблему з медыцынай. Там гаворыцца, што мясцовым жыхарам забараняецца заражацца сур'ёзнымі вірусамі і займацца актыўнай дзейнасцю, якая можа прывесці да неабходнасці неадкладнай медыцынскай дапамогі. "Хварэць забаронена", — напісаў Торк'я.
Правакацыйная ініцыятыва мае выклікаць рэакцыю аховы здароўя і прэфектуры Катандзара, што ў далейшым можа прывесці да вырашэння праблем з колькасцю бальніц і мясцовых медыцынскіх работнікаў у Белькастра. Раней мэр спрабаваў звярнуцца да прадстаўнікоў улады, але так і не атрымаў адказу.
Усяго ў горадзе жыве каля 1,3 тысячы чалавек, палова з іх — старэйшыя за 65 гадоў, а найбліжэйшая бальніца знаходзіцца за 45 кіламетраў ад Белькастра. На ўвесь горад ёсць толькі адзін доктар хуткай дапамогі, які не працуе ноччу і ў святочныя, выходныя дні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.