Швейцарцы на рэферэндуме адхілілі абмежаванне колькасці насельніцтва
Берн - сталіца Швейцарыі / swiss-imаgе.сh
14 чэрвеня ў Швейцарыі прайшоў рэферэндум з пытаннем пра абмежаванне колькасці насельніцтва краіны на ўзроўні 10 мільёнаў чалавек. Галасаванне ініцыявала правая Швейцарская народная партыя (SVP). Супраць яе прагаласавалі каля 55% удзельнікаў галасавання, за — каля 45%, перадае DW.
Сёння ў Швейцарыі пражывае каля 9,1 мільёна чалавек. Паводле задумы SVP, калі б да 2050 года колькасць жыхароў перавысіла 9,5 мільёна, улады былі б абавязаны прыняць адпаведныя меры. Сярод магчымых варыянтаў, прагляд міжнародных пагадненняў у сферы прытулку і ўз'яднання сем'яў, а ў якасці крайняй меры — разрыў пагаднення з ЕС аб свабодзе перамяшчэння.
Ідэю рэферэндуму, акрамя SVP, падтрымалі яшчэ тры партыі з яе фракцыі. Усе астатнія шэсць буйных партый швейцарскага парламента выступілі супраць.
Таксама на рэферэндуме швейцарцы падтрымалі (53%) ўскладненне пераходу на грамадзянскую службу без зброі. Чакаецца, што гэта дапаможа вырашыць праблему недахопу асабовага складу ў арміі і сістэме грамадзянскай абароны.
Яўка на абодвух галасаваннях склала каля 57%.