Зяленскі запрасіў Пуціна ў Канстанцінаўку. У Крамлі "зліліся"
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі / Офіс Уладзіміра Зяленскага
Пасля заяў Расіі аб захопе горада Канстанцінаўка (Данецкая вобласць) прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прапанаваў Пуціну сустрэцца там.
"Калі Канстанцінаўка зараз пад кантролем Расіі, то, мабыць, у Пуціна не будзе праблемы сустрэцца са мной там і знайсці дыпламатычныя рашэнні, каб вайну нарэшце скончыць. Але ўсё ж ён фронт не пяройдзе: праўда вельмі адрозніваецца ад пуцінскіх слоў", — заявіў Зяленскі.
Украінскі прэзідэнт дадаў: Пуцін вырашыў закінуць гэты фэйк напярэдадні 4 ліпеня — Дня незалежнасці ЗША. "Пуцін вырашыў салгаць свету і прэзідэнту Амерыкі", — адзначыў Зяленскі.
У Крамлі на запрашэнне ў Канстанцінаўку адказалі.
"Калі такім чынам спадар Зяленскі выказвае гатоўнасць прыехаць у РФ, мы гэта вітаем. Але хочам нагадаць, што Пуцін казаў аб гатоўнасці прыняць яго ў Маскве. Усё ж сталіцай РФ з'яўляецца Масква, а не Канстанцінаўка. Таму ён можа прыехаць у Маскву, як толькі будзе гатовы прыняць важныя адказныя рашэнні", — выказаўся прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пескоў.
Баі за Канстанцінаўку працягваюцца ўжо больш за восем месяцаў. Яе называюць адным з гарадоў так званага "пояса крэпасцей", гэта значыць моцна ўмацаваных пунктаў, побач са Славянскам, Краматорскам і Дружкоўкай. Аб блізкім "узяцці Канстанцінаўкі" ў РФ заяўлялі ўжо шмат разоў.