Супернік Мадуры на выбарах у Венесуэле папрасіў прытулку ў Іспаніі

Эдмунда Гансалес

Эдмунда Гансалес / Gaby Oraa (Bloomberg)

Лідар венесуэльскай апазіцыі Эдмунда Гансалес папрасіў палітычнага прытулку ў Іспаніі. Гэта здарылася пасля таго, як на радзіме на яго завялі крымінальную справу і выдалі ордэр на арышт, абвінаваціўшы ў тэрарызме, змове і іншых злачынствах, звязаных з нядаўнімі прэзідэнцкімі выбарамі, пішуць іспанскія СМІ.

У ліпені Гансалес удзельнічаў у прэзідэнцкай гонцы, стаўшы галоўным супернікам Нікаласа Мадуры, які знаходзіцца ва ўладзе з 2013 года. Выбарчая рада Венесуэлы афіцыйна абвясціла пераможцам ліпеньскіх выбараў Мадуру. Але апазіцыя заяўляе, што, згодна з падлікам каля 90% галасоў, перамог яе кандыдат Эдмунда Гансалес. Гансалеса прызналі пераможцам і ЗША, абвінаваціўшы цяперашнія ўлады ў фальсіфікацыях.

Па словах міністра замежных спраў Іспаніі Хасэ Мануэля Альбарэса, Гансалеса па яго просьбе вязуць у Іспанію на самалёце іспанскіх Вайскова-паветраных сіл.

"Урад Іспаніі адданы палітычным правам і фізічнай недатыкальнасці ўсіх венесуэльцаў", — дадаў міністр.

А віцэ-прэзідэнтка Венесуэлы Дэльсі Радрыгес заявіла, што Гансалес, прабыўшы некалькі дзён у амбасадзе Іспаніі ў Каракасе, папрасіў палітычнага прытулку. Па выніках перамоваў Каракас пагадзіўся, каб Гансалес бяспечна пакінуў краіну.

Пасля выбараў прыхільнікі Гансалеса выйшлі на вуліцы з пратэстамі. Акцыі працягваюцца дагэтуль, нягледзячы на ​​тое, што іх жорстка падаўляюць сілавікі і ўзброеныя ўладамі банды. Каб супакоіць незадаволеных выбаршчыкаў Нікалас Мадура перанёс святкаванне Калядаў на 1 кастрычніка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі