Памерла маці музыкі Лявона Вольскага — пісьменніца Святлана Яўсеева
Святлана Яўсеева
У Мінску ва ўзросце 92 гадоў памерла беларуская рускамоўная пісьменніца Святлана Яўсеева, маці музыкі Лявона Вольскага. Пра яе смерць паведамілі ў сацсетках знаёмыя.
Пахаванне Святланы Георгіеўны адбудзецца 10 студзеня.
Святлана Яўсеева — паэтка, перакладчыца, празаік. Яе мужам быў пісьменнік Артур Вольскі. А Лявон Вольскі — іх сын.
Паэтка нарадзілася 4 верасня 1932 года ў Ташкенце ў сям’і вайскоўца. Яна скончыла Ташкенцкі педінстытут ў 1956-м і Літаратурны інстытут імя Горкага ў 1962-м. У тым жа годзе выйшла замуж за Артура Вольскага і пераехала ў Мінск.
1962-і стаў для яе і годам выхаду першай кнігі — "Жанчына пад яблыняй". Пазней у яе выходзілі зборнікі лірычных вершаў "Маладзік", "Клічу!", "Еўразія", "Апошняе развітанне", "Шукаю чалавека".
Таксама яна перакладала на рускую мову вершы беларускіх паэтаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Танка, Анатоля Вярцінскага ды іншых.
"Святлана Яўсеева, якая прыехала з Масквы ў Мінск, даволі хутка стала не столькі рускім, колькі беларускім паэтам, які піша на рускай мове", — прыводзіць Радыё "Свабода" словы Уладзіміра Някляева.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.