"Фэст краманьёнцаў" правядуць на Гомельшчыне
Прэзентацыя фэсту "Мамант.ВУ"
Сёлета ў Гомельскай вобласці хочуць правесці фэст "Мамант.ВУ", паведамляе Рэспубліканскі саюз турыстычнай індустрыі (РСТІ). Месцам яго правядзення абралі паселішча Юравічы ў Калінкавіцкім раёне. Там на беразе ракі Прыпяць размяшчаецца верхнепалеалітычная стаянка, якая была населеная 26 тысяч гадоў таму.
Мяркуецца, што гэта будзе інтэрактыўны навукова-папулярны фестываль. Падчас яго госці перанясуцца ў каменную эпоху. Галоўнай разынкай фэсту называюць рэканструкцыю старажытных стаянак, танцы ля вогнішча, прысвячэнне ў "краманьёнцы". Таксама гасцей плануюць завабліваць не толькі лекцыямі навукоўцаў, але і стравамі паводле старажытных рэцэптаў — напрыклад, вяленай "маманцяцінай". Турыстам абяцаюць "гульні ў косці ў стылі старажытнага боўлінгу, старажытныя шахматы, наскальныя малюнкі, выраб прылад працы сваімі рукамі".
Некалькі месяцаў таму мясцовыя супрацоўнікі сферы культуры ладзілі для чыноўнікаў у Юравічах "рэканструкцыю" — танчылі ў звярыных шкурах каля вогнішча. Цяпер гэтая ідэя знайшла працяг у "фэсце краманьёнцаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.