Змяняецца сістэма запісу ў візавыя цэнтры Польшчы

Польская віза

Польская віза / migratop.com

Змяняюцца правілы запісу ў візавыя цэнтры Польшчы. Такая інфармацыя з’явілася на сайце VFS Global.

Цяпер карыстальнікі, якія прайшлі працэдуру верыфікацыі, змогуць трапіць у спіс чакання.

"Пачынаючы з 8 чэрвеня заяўнікі, якія выканалі ўсе неабходныя крокі ў сістэме, будуць дададзеныя ў спіс чакання (чаргу) для запісу на прыём", — гаворыцца ў паведамленні VFS Global.

Каб трапіць у спіс чакання, трэба будзе стварыць і актываваць уліковы запіс на сайце VFS Global, выбраць візавы цэнтр і катэгорыю візы, на якую вы падаяцеся. Пасля гэтага неабходна загрузіць фота і іншыя дадзеныя, а таксама прайсці працэдуру верыфікацыі.

Затым вы атрымаеце ліст з вашым нумарам у чарзе. Калі з’явяцца вольныя месцы для запісу на прыём, вам прыйдзе яшчэ адзін ліст — з запрашэннем. Пасля гэтага ў вас будзе 48 гадзін, каб запісацца на прыём — выбраць дату і час падачы дакументаў.

VFS Global — камерцыйная кампанія, якая працуе ў партнёрстве з амбасадамі і аказвае паслугі людзям, што падаюць заявы на атрыманне візы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.