11 краін Еўропы заклікаюць абмежаваць выдачу шэнгенскіх віз расіянам

Віза, фота ілюстрацыйнае

Віза, фота ілюстрацыйнае / Vizam.az

11 краін Еўропы заклікаюць Еўракамісію ўвесці дадатковыя абмежаванні на выдачу шэнгенскіх віз грамадзянам Расіі. Інфармацыя пра гэта з’явілася адразу ў некалькіх буйных еўрапейскіх СМІ — Politico, Deutsche Welle і RMF24.

Журналісты спасылаюцца на ліст, які еўрапейскія краіны накіравалі кіраўніцы еўрапейскай дыпламатыі Кае Калас. Аналагічны ліст атрымаў еўракамісар па ўнутраных справах і міграцыі Магнус Брунэр.

Абмежаваць выдачу шэнгенскіх віз расіянам патрабуюць Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, Фінляндыя, Швецыя, Чэхія, Данія і Нідэрланды. Да іх далучыліся таксама дзве краіны, якія не ўваходзяць у ЕС — Нарвегія і Ісландыя.

Аўтары ліста адзначаюць, што расійскія турысты адпачываюць на еўрапейскіх курортах, "пакуль ракеты і дроны працягваюць наносіць удары па мірных жыхарах і грамадзянскай інфраструктуры Украіны". Яны лічаць такую сітуацыю непрымальнай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.