Віза пад тур: самы просты для беларуса спосаб атрымаць еўрапейскі шэнген

А можна купіць тур і не паехаць у яго? Візу анулююць?

А можна купіць тур і не паехаць у яго? Візу анулююць? / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Адзін з самых простых спосабаў адкрыць візу для беларуса — з'ездзіць у тур у адну з еўрапейскіх краін. І адпачняце, і (магчыма) атрымаеце мульцішэнген у пашпарт. Куды ехаць, каб сапраўды атрымаць "мульцік"? А куды не ехаць, каб не атрымаць адмову ў візавую гісторыю?

Еўрарадыё распытала пра гэта Аляксандру Стульбо, рэдактарку блога visaflow.live.

— Віза пад тур — не самы танны спосаб атрымаць шэнген, але адзін з самых выгадных. Вы практычна не траціце грошай на візавую падтрымку. Кошт тура часцей за ўсё ўжо ўключае кошт візы, і на гэтым вы выйграяце.

Не, гэта не самы бюджэтны варыянт. Італія прапануе адкрыць візу, проста запісаўшыся ў жывую чаргу. То-бок вам не трэба траціцца ні на што, акрамя консульскага збору. Іншая рэч, што ў гэтай чарзе вы можаце прастаяць да года.


Туры, у якія варта з'ездзіць

Венгрыя

Вельмі доўга Венгрыя была той краінай, якая стабільна выдае беларусам мульцішэнгены. І туры туды недарагія, і ехаць недалёка. Калісьці можна было атрымаць візу на пяць гадоў!

— Але цяпер статыстыка змянілася, а людзі дагэтуль упэўненыя, што ўсё працуе як раней, і чарга на венгерскія туры велізарная. Хутчэй за ўсё, да канца года будзе складана знайсці магчымасць падацца на тур з візавай падтрымкай.

Памятайце: калі ў вас тры гады не было віз, венгры наўрад ці дадуць вам шматразовую. Але бываюць выключэнні.

Виза под тур: самый простой для белоруса способ получить европейский шенген
Венгрыя / unsplash

Амбасады цяпер непрадказальныя, і часам хтосьці выпадкова атрымлівае візу на два гады ў "чысты" пашпарт. Потым гэтая гісторыя разыходзіцца па сарафаннае радыё, і ўжо іншыя людзі спрабуюць пайсці тым жа шляхам. А калі не атрымліваецца — расчароўваюцца, — кажуць у visaflow.live.

Часта беларусы без візавай гісторыі наважваюцца на два туры ў Венгрыю. На першы — каб атрымаць першую візу. На другі — каб замацаваць поспех і атрымаць ужо шматразовы шэнген. Але нават такі падыход не можа быць гарантыяй: могуць і пад другую паездку адкрыць аднаразовую візу.

Італія

— Італія карысталася і карыстаецца папулярнасцю, і італьянцы добра даюць візы. Калі візавая гісторыя ёсць, хутчэй за ўсё, дадуць шматразовы шэнген. Калі не — рыхтуйцеся да аднаразовай візы, — кажа Аляксандра.

 

Калі заплаціць, але праігнараваць тур?

Тураператары дакладна ведаюць, які тур можна праігнараваць, у які лепш з'ездзіць, а калі можна "захварэць".

— З Венгрыяй "захварэць" не атрымаецца. Венгры настолькі сур'ёзна да гэтага пытання ставяцца, што нават калі вы падаяцеся проста індывідуальна і не едзеце ў паездку, вялікая імавернасць, што візу анулююць.

Часам гатэлі самі паведамляюць, што вы туды не заехалі. Часам амбасада можа патэлефанаваць і праверыць, ці сапраўднае вашае браніраванне.

Што адбываецца, калі візу анулююць? Хутчэй за ўсё, з амбасады патэлефануюць і паведамяць вам пра гэта. А могуць і не патэлефанаваць, і тады наступным разам вы толькі на мяжы даведаецеся, што візы ў вас больш няма. У пашпарце — ёсць, а ў сістэме — не (уявіце, што да гэтага вы 17 гадзін прастаялі ў чарзе!).


Туры, у якія ехаць не варта

Грэцыя. Ёсць сэнс купіць тур у Грэцыю, толькі калі вы насамрэч хочаце паехаць у Грэцыю. Калі вы будзеце адкрываць візу ў складзе тургрупы, шанцы, што вы яе атрымаеце, узрастаюць. Калі паспрабуеце заняцца візай самастойна, з высокай імавернасцю можаце нарвацца на адмову.

— Грэкі цяпер — галоўная амбасада па колькасці адмоваў. Нельга нават гарантаваць, што ў складзе групы вы атрымаеце візу на даўжэйшы тэрмін. Статыстыка паказвае, што 99% тых, хто падаецца на грэцкую візу, атрымліваюць аднаразовы шэнген не даўжэй чым на дні тура.

Виза под тур: самый простой для белоруса способ получить европейский шенген
Грэцыя / unsplash

Максімум — два выезды з кароткім "калідорам". І нават вашая добрая візавая гісторыя можа не дапамагчы атрымаць шматразовую грэцкую візу. Але кепская візавая гісторыя можа стаць прычынай для адмовы. Калі ўжо былі адмовы ў візе — грэкі не адкрыюць.


Што спадабаецца консулу

1. Выпіска з банка. На 7-10 дзён у вас мусіць быць каля 2,5 тыс. еўра на рахунку. А калі пакажаце большую суму, вам могуць даць візу на даўжэйшы тэрмін.

2. Візавая гісторыя. Калі вы ўжо падаваліся на візу і можаце пацвердзіць, што выкарыстоўвалі яе па прызначэнні, вашыя шанцы растуць. Прычым усё роўна, візу якой менавіта краіны вы адкрывалі.

Дапусцім, у вас была польская турыстычная віза, вы злёталі адпачыць на тры дні ў Італію і можаце гэта даказаць — консулу гэта спадабаецца.

3. Узрост. Гарантый няма, але, кажуць, да пенсіянераў ставяцца лаяльна. Але статыстыкі, якая б гэта пацвярджала, няма.


Чаму наогул могуць адмовіць у візе?

Мала грошай. У стандартнай фармулёўцы гэта гучыць як "неабгрунтаванне мэтаў і ўмоў меркаванага знаходжання". Напрыклад, зляцела вашае браніраванне пражывання. Ці амбасада правярала бронь вашых білетаў і не знайшла яе на сайце авіякампаніі. Ці ў вас недастаткова грошай на паездку.

Альбо амбасада бачыць бронь вашага гатэля, якая каштуе 1 тыс. еўра, вашыя білеты каштуюць яшчэ 300 еўра, а ў выпісцы банкаўскага рахунку відаць, што ў вас на балансе ўсяго 1,3 тыс. еўра. То-бок грошай на балансе хопіць толькі на жыллё і пералёт. Візу, хутчэй за ўсё, не дадуць.

— Як правіла менш за 2 тысячы еўра на тыднёвую паездку лепш не паказваць, — кажа Аляксандра.

Калі такой сумы няма, можаце ўзяць ліст ад спонсара — чалавека, які пацвердзіць, што мае дастатковую суму і аплаціць падарожжа для вас.

 

Калі ўсё гэта скончыцца?

Аляксандра не абяцае, што сітуацыя з візамі хутка стане лепшай. Попыт на падарожжы па Еўропе не знізіўся, дзеля гэтых падарожжаў беларусы гатовыя прарывацца праз чэргі. А амбасадаў, якія запісваюць беларусаў на візу, стала менш. Напрыклад, літоўская дакументаў не прымае.

— Сказаць, што найбліжэйшым часам усё стане проста, не магу, — рэзюмуе Аляксандра.

А вось іншыя парады наконт таго, як атрымаць візу (не абяцаем, што хутка і нядорага)

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі