Следчыя выявілі забойцу польскага памежніка, ён можа хавацца ў Беларусі — СМІ

Мяжа з Беларуссю

Мяжа з Беларуссю / PAP

Польскія следчыя выявілі асобу мігранта, які ў траўні 2024 года смяротна параніў вайскоўца Матэвуша Сітэка праз плот на польска-беларускай мяжы. Цяпер гэты чалавек хаваецца ў Беларусі. Пра гэта паведамляе RMF FM са спасылкай на неафіцыйныя крыніцы, знаёмыя з ходам следства, заўважыла выданне MOST.

Паведамляецца, што падчас расследавання ў Польшчы і за мяжой дапыталі больш за 140 чалавек. Асобу верагоднага забойцы выявілі яшчэ летась — гэта грамадзянін адной з краін Паўночнай Афрыкі.

У ліпені 2025-га на яго склалі абвінаваўчы акт і абвясцілі ў вышук, у тым ліку выдалі еўрапейскі ордэр на арышт. Следчыя сцвярджаюць, што мужчына застаецца ў Беларусі. Аднак афіцыйны мінск праігнараваў запыт польскага боку на выдачу падазраванага, таму ў траўні 2026-га следства было прыпынена.

21-гадовы Матэвуш Сітэк быў паранены 28 траўня 2024 года падчас службы на мяжы з Беларуссю. 6 чэрвеня таго ж года ён памёр. Тады мяжу штурмавала група з паўсотні мігрантаў, якія закідвалі памежнікаў галінамі дрэў, палкамі і камянямі. Адзін з іх праз плот пырнуў памежніка нажом, замацаваным на палцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.