Беражкоў: Піяршчыкі адбілі ў чыноўнікаў здольнасць успрымаць крытыку
Галоўны рэдактар “Прэсбола” не хваляваўся, калі яго выклікалі ў міліцыю. Журналіст патлумачыў, чаму ў мінскага “Дынама” ўзніклі да яго прэтэнзіі
Галоўны рэдактар “Прэсбола” Уладзімір Беражкоў наведаў РУУС Маскоўскага раёна Мінска, дзе даў тлумачэнні наконт інтэрв’ю “Белгазеце”. Словы журналіста пра “адкаты” і “распілы” ў беларускім хакеі абурылі генеральнага дырэктара ХК “Дынама-Мінск” Аляксея Торбіна, які і напісаў заяву ў міліцыю.
Еўрарадыё: Што канкрэтна выклікала прэтэнзіі ХК “Дынама”?
Уладзімір Беражкоў: Мне здаецца, што гэта проста спроба “Дынама” перавесці стрэлкі і тэму ў іншае рэчышча. Але тэма як была, так і застаецца. А дакладней, гэта неэфектыўнае выкарыстанне фінансавых сродкаў, залішняя колькасць легіянераў. Мне здаецца, што галоўная прычына, якую пераследуе хакейны клуб – стварыць такую дымавую завесу і адвесці праблему ўбок. Нібыта мы скажаем факты, нібыта мы парушаем нейкія законы. Дастаткова сказаць, што "Прэсболу" было некалькі разоў адмоўлена ў акрэдытацыі з боку мінскага “Дынама”. Гэта адбывалася ў траўні, красавіку. Ну а тут чамусьці ўзнікла прэтэнзія да канкрэтнай юрыдычнай асобы – Беражкова. Давайце крыху падзяляць. Настолькі грошы засцілаюць вочы, што вы не бачыце адрозненняў паміж фізічнай асобай Беражковым, які дае інтэрв’ю “Белгазеце” і “Прэсболам”? Тое, што я з’яўляюся галоўным рэдактарам не нагода для таго, каб пазбаўляць газету акрэдытацыі.
Еўрарадыё: Ці хваляваліся, калі Вас выклікалі ў міліцыю?
Уладзімір Беражкоў: Ведаеце, я даўно ўжо нічаму не здзіўляюся, нічога не пужаюся. Прайшлі шмат, бывалі ва ўсіх сітуацыях. Галоўнае, што я ўпэўнены ў сваёй праваце, ведаю сваю справу. Лічу сябе прафесіяналам і правяраю ўсю інфармацыю, якую выкладваю. Цалкам упэўнены ў сваёй праўдзе. Ніякіх хваляванняў у міліцыі не адчуваў. Мы нармальна паразмаўлялі, я знайшоў поўнае паразуменне з міліцыянтам, які са мной сустракаўся. Здаецца, я яго пераканаў, што зварот у міліцыю і спроба прыцягнуць мяне да крымінальнай адказнасці – гэта бязглуздзіца.
Еўрарадыё: Спартыўны журналіст Максім Беразінскі піша ў сваім Фэйсбуку, што адказваць журналісту з дапамогай адміністратыўнага рэсурса - гэта “неспартыўна”. А вы як лічыце?
Уладзімір Беражкоў: Ведаеце, няхай бы выклікалі ў суд. Падзяляю меркаванне Максіма Беразінскага: заўсёды спачатку можна звярнуцца ў газету і паспрабаваць выкласці свой пункт гледжання ў газеце. Мы ніколі нікому не адмаўлялі ў прадастаўленні газетнай дапамогі. Мы нават гатовыя вылучыць журналіста, гатовыя самі дапамагчы ў тым, каб выкласці пункт гледжання апанента, партнёра, саперніка – любога чалавека. Гэта і ў маіх інтарэсах. Але не было ніякіх зваротаў. А ў адказ на наш зварот адбываецца поўнае ігнараванне. Калі няма чаго сказаць, калі хочаце нашай смерці, груба кажучы, хочаце нейкіх рэпрэсіўных мер, звяртайцеся ў суд. Але звяртаюцца ў міліцыю, у Міністэрства інфармацыі, адзін раз, другі. Ставяць іх у нязручнае становішча, прымушаюць іх выконваць неўласцівыя функцыі. Калі яны лічаць нас сваімі ворагамі, калі лічаць, што з намі трэба паквітацца, то няхай дзейнічаюць ў межах закона – звяртаюцца ў суд. Няхай суд вырашае, маем мы рацыю, ці не. Але яны не звяртаюцца, спрабуюць ціснуць нейкім адміністратыўным рэсурсам. Але мы праходзілі гэта не раз. Нічога новага ў гэтым няма.
Еўрарадыё: Як лічыце, ці трэба журналістам і далей крытыкаваць спартовых чыноўнікаў?
Уладзімір Беражкоў: Да крытыкі чамусьці ўсе ставяцца хваравіта. Асабліва чыноўнікі. Але ёсць законы прафесіі. Ёсць журналістыка, а ёсць піяр – гэта зусім розныя рэчы. Піяршчыкі заўсёды гладзяць па шэрсці. Гэта могуць быць прапагандысты ці супрацоўнікі нейкіх структур, якія ствараюць спрыяльны імідж. Я разумею, што маса такіх піяршчыкаў зусім адбіла ў нашых чыноўнікаў імунітэт ці ўспрыманне крытыкі, нармальнай спакойнай крытыкі. Мы, шчыра кажучы, 22 гады знаходзімся ў сутыкненні, у барацьбе, адстойваем сваё права крытыкаваць. Бо мы завемся журналістамі. А права і абавязак журналіста – адлюстроўваць рэчаіснасць і называць рэчы сваімі імёнамі ў адпаведнасці з законам аб СМІ, які прадугледжвае выклад розных пунктаў гледжання на розныя сітуацыі. Мы не займаемся піярам, мы займаемся журналістыкай. На жаль, не ўсе сёння гатовыя ўспрымаць.