:B:N: "Крок за крокам"
Сеанс псіхааналізу ад Еўрарадыё.
Бярозаўскі гурт прэзентаваў свой трэці альбом за 10 гадоў існавання. Гэтым разам музыкі збіраліся з думкамі ажно 6 гадоў. І, як прызнаваліся Еўрарадыё прыхільнікі :B:N: на мінскай прэзентацыі пласцінкі, чаканне дыску за гэты час стала бадай самай нязменнай з’явай у жыцці некаторых з іх. У выніку, прагнучыя атрымалі альбом з цэлымі 15-цю трэкамі ў фірмовым стылі бярозаўскай каманды і з дамешкам незразумелай настальгіі.
На пласцінцы "Крок за крокам" :B:N: гучаць вельмі характэрна для сябе — у стылі, які мы ўмоўна назавем “post-N.R.M.” — вельмі гучна і драйвова, з няхітрымі але шчыльнымі аранжыроўкамі і, магчыма, не ідэальным звядзеннем. Усё, што аматары паспелі палюбіць ў бярозаўскай камандзе, яны абавязкова атрымаюць і ад новай пласцінкі: неабходную дозу меладычнасці, крыху панку, крыху дыска, напорысты вакал Алеся Лютыча і шчымлівую дуэтную песню пра крах кахання “Нас няма”. Дуэты, дарэчы, атрымліваюцца ў :B:N: сапраўды добра — не зважаючы з кім, Настай Някрасавай, Лявонам Вольскім ці цяперашняй кампаньёнкай Кацярынай Муратавай. А вось тыя, хто чакаў ад :B:N: эксперыментаў і кардынальных зменаў, магчыма, расчаруюцца.
Альбом "Крок за крокам", верагодна, у выніку доўгага працэсу стварэння, знаходзіцца на мяжы канцэптуальнай працы і зборніка ўсяго зробленага за 6 гадоў. Уласна, аб’ядноўвае пласцінку ў адзінае цэлае ў асноўным незразумелы настальгічны настрой. І што цікава, тэксты песень, якія распавядаюць пра “былыя вясёлыя часы” і цярністы шлях гурта да поспеху акрамя штатнага тэкставіка :B:N: Сяргея Машковіча, пісалі яшчэ басіст каманды Алесь Зайцаў і гітарыст мінчан IQ48 Яўген Бузоўскі. І, падобна, ўсіх гэтых, падавалася б, маладых людзей апанавала нейкая чорная настальгія. “Залаты той час не пакіне нас і ў сэрцы б’ецца маладосць” — спявае Алесь Лютыч у рэфрэне тытульнага трэка “Крок за крокам”, які апавядае пра заліхвацкае жыццё гурта некалі ў мінулым. У мінулым часе маладосць узгадваецца ў песні “Зрабі сябе сам”, а ў “Клуб 27” на тэму юнацтва рэфлексуе ўжо Яўген Бузоўскі.
А тое, што ў фінале альбома фігуруе песня ў стылістыцы ўсё таго ж N.R.M. часоў іх перадсмяротнага дыска “06” з назвай “Развітальная” ужо палохае. Тут варта ўзгадаць, як, напрыклад, N.R.M. ужо без Лявона Вольскага канвульсіўна гастралявалі з праграмай “Да пабачэння”. І вось ад :B:N: мы чуем: “Да пабачэння, сябра! Да пабачэння, восень! Да пабачэння ўсім вам!”. Ці не патыхае гэта суіцыдальнымі схільнасцямі? У любым выпадку, канцэртная прэзентацыя "Крок за крокам" паказала, што публіка пакуль не жадае развітвацца. Таму раім :B:N: дыхаць глыбей, спажываць больш свежай садавіны і больш аптымістычна глядзець усё ж у будучыню.
Цяжка сказаць, ці варта ў дыягназ :B:N: ўпісваць лёгкую дэпрэсію і крызіс сярэдняга ўзросту ў 10 гадоў, але тое, што каманда стала адным з сімвалаў беларускага року 2000-х — гэта ўжо факт. Праўда, сам беларускі рок пакрысе амаль знік як асобны напрамак і таму не ясна, ці варта бярозаўцам па парадзе, напрыклад, таго ж Вітаўта Мартыненкі займаць свабодную цяпер нішу N.R.M.. Хутчэй за ўсё, :B:N: на іх “ростанях” варта працягваць шукаць сябе ў межах больш шырокай музычнай прасторы. І, між іншым, пасля шэрагу кавераў на “Dzied Maroz” N.R.M. і песняроўскай “Ружы” з апошняга альбому гурт разам з Максам Івашыным працуе над інтэрпрэтацыяй адной з песень брытанцаў Muse. Так што, чакаем нечаканага працягу.