Брэсцкае ЖРЭУ: Міліцэйскі спецназ супраць чаргі выклікалі не мы!
Па словах камунальных работнікаў, міліцыянтаў выклікалі самі грамадзяне, якія стаялі ў чарзе. У канфлікце ніхто не пацярпеў.
Нагадаем, у аддзел прыватызацыі жылля Брэсцкага ЖРЭУ 5 чэрвеня каля 14-й гадзіны прыехалі міліцыянты. Іх выклікалі, бо наспеў канфлікт паміж чаргавікамі: людзі запісаліся на адзін час і пачалі штурхацца. А паколькі чарга да аднаго акна, дзе прымаюць дакументы на прыватызацыю, стаіць на лесвіцы, нехта з чаргі выклікаў міліцыю.
У аддзеле прыватызацыі Брэсцкага ЖРЭУ на пытанне Еўрарадыё крыўдуюць: міліцыю выклікалі не яны.
“Ну, калі грамадзяне не маглі дамовіцца наконт чаргі, вось яны і высвятлялі адносіны. Грамадзяне з чаргі выклікалі міліцыю, каб ўгаманіць другога чалавека, бо ён агрэсіўна вёў сябе, напаў на чалавека. А не для таго, каб рэгуліраваць чаргу!” — крыўдуюць у Брэсцкім ЖРЭА і кажуць, што ніхто не пацярпеў.
У брэсцкай міліцыі пацверджаюць, што зарэгістраваных выклікаў ад ЖРЭУ не было.
Фота — prochepetsk.ru