Брэсцкі акумулятарны завод перавысіў нормы шкодных выкідаў

Брэсцкі акумулятарны завод перавысіў нормы шкодных выкідаў

Брэсцкі акумулятарны завод, які пакуль яшчэ працуе ў рэжыме пусканаладкі, перавысіў нормы выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра. Абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя распачаў адміністратыўны працэс па факце парушэння, піша "Брэсцкая газета".

Пра гэта стала вядома, калі мясцовы актывіст Дзмітрый Бекалюк патэлефанаваў на наўпроставую лінію да намесніка міністра прыроды Аляксандра Корбута.

На заводзе ТАА "АйПаўэр" каля Брэста ідуць пуска-наладачныя працы. На час гэтых працаў прыродаахоўны аблкамітэт выдаў прадпрыемству дазвол на выкід забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра да 22 жніўня гэтага года. У дазволе прапісаныя нормы выкідаў такіх рэчываў.

Напярэдадні ў сацсетках з'явілася копія дакладной запіскі абласнога прыродаахоўнага камітэта ў аблвыканкам.

Паводле яе, 17 і 26 красавіка ўзялі пробы і правялі вымярэння выкідаў. У пратаколах зафіксавана перавышэнне нарматываў па 5 з 38 складнікаў выкідаў.

Распачаты адміністрацыйны працэс па артыкуле 15.48 КаАП "Забруджванне атмасфернага паветра". Па гэтым артыкуле на юрыдычную асобу могуць накласці штраф да 200 базавых велічынь.

Вымярэнні правядуць яшчэ раз на працягу 30 дзён для пацвярджэння факта перавышэння нормаў выкідаў. Заяўка на правядзенне такіх вымярэнняў пададзеная ў Рэспубліканскі цэнтр аналітычнага кантролю і аховы навакольнага асяроддзя 30 мая.

Аблкамітэт можа разгледзець пытанне аб прыпыненні дзеяння дазволу на выкіды або аб яго спыненні, сказана ў дакладной запісцы ў аблвыканкам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі