Брэсцкія мытнікі забралі ў расіяніна 32 тысячы еўра
Хлопец вёз буйную суму грошай у кішэні шортаў і не збіраўся яе дэклараваць.
26-гадовы непрацоўны жыхар Маскоўскай вобласці накіроўваўся ў Парыж. Брэсцкім мытнікам ён паведаміў, што мае 7 тысяч 240 еўра. Аднак у часе мытнага дагляду знайшлі яшчэ 32 тысячы.
Пазней хлопец прызнаўся, што наўмысна не заявіў пра валюту, бо не хацеў яе дэклараваць. 32 тысячы еўра канфіскавалі, а заяўленыя 7 тысяч 240 еўра пакінулі расіяніну — гэта якраз эквівалент 10 тысячам долараў, якія можна перавозіць праз мяжу без пісьмовага дэкларавання, інфармуе БелаПАН.