Брытанская разведка назвала лічбу расійскіх страт ва Украіне

Могілкі загінулых салдатаў у Цюмені / 72.ru
Страты расійскага войска ад пачатку вайны ва Украіне могуць складаць 900 тысяч забітымі і параненымі. Такія лічбы называе разведка Вялікабрытаніі.
У справаздачы брытанскага Міністэрства абароны сцвярджаецца, што з лютага 2022 года расійскае войска страціла забітымі ад 200 да 250 тысяч чалавек. Гэта самыя вялікія страты Расіі з часоў Другой сусветнай вайны.
Аднак расійскае вайсковае кіраўніцтва і Уладзімір Пуцін, верагодна, ацэньваюць мэты вайны вышэй, чым жыцці сваіх салдат, і гатовыя мірыцца з высокім узроўнем страт, пакуль расійскае грамадства падтрымлівае вайну і пакуль гэтыя страты можна замясціць, адзначаецца ў паведамленні.
Брытанская разведка таксама падкрэслівае, што больш ахвотна расійскія ўлады ахвяруюць прадстаўнікамі этнічных меншасцяў з бедных рэгіёнаў краіны. У выніку там вярбуюць людзей на вайну значна больш, чым у Маскве і Санкт-Пецярбургу.
Як вядома, Руская служба Бі-бі-сі і "Медыязона" вядуць свой падлік расійскіх стратаў на вайне з Украінай, карыстаючыся адкрытымі звесткамі. Паводле іх, па стане на 21 лютага на вайне загінулі 95 026 расійскіх вайскоўцаў. Але журналісты кажуць, што рэальная колькасць загінулых расійскіх вайскоўцаў значна вышэйшая. Яны ацэньваюць яе ў дыяпазоне ад 146 194 да 211 169 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.