Пуцін абавязаў украінцаў у акупаваных абласцях атрымаць пашпарты РФ ці з'ехаць

Уладзімір Пуцін

Уладзімір Пуцін / Reuters

Да 10 верасня грамадзяне Украіны абавязаныя ўзаконіць сваё перабыванне на тэрыторыі Расіі ці пакінуць краіну. Адпаведны ўказ падпісаў Уладзімір Пуцін.

Гэтая норма, як вынікае з тэксту дакумента, закранае ў тым ліку жыхароў Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцей — украінскіх тэрыторый, акупаваных Расіяй.

У тыя ж тэрміны Мінздароўя Расіі абавязанае правесці медагляд грамадзян Украіны на наяўнасць ВІЧ, інфекцыйных захворванняў, якія ўяўляюць небяспеку для навакольных, а таксама на ўжыванне наркотыкаў і псіхатропаў.

Расійскія СМІ пішуць, што ў РФ з лютага дзейнічае рэжым высылкі нелегальных мігрантаў. Такім чынам украінцаў, якія пражываюць на акупаваных тэрыторыях і не сталі атрымліваць расійскія пашпарты, фактычна прыраўнялі да нелегальных мігрантаў.

Раней у СМІ з'яўляліся звесткі, што ўкраінцаў, якія на акупаваных тэрыторыях не атрымалі расійскія пашпарты, унеслі ў "рэестр кантраляваных асоб". Гэта база звестак МУС па замежніках, якія незаконна знаходзяцца ў краіне.

Адным з патрабаванняў Пуціна аб пачатку мірных перамоваў з Украінай, як паведамлялася, быў поўны вывад украінскіх войскаў з тэрыторый Луганскай, Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцей, а таксама прызнанне іх расейскімі рэгіёнамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.