БСДГ не здолела абраць новага кіраўніка, бо Шушкевіч пакуль у лякарні
З’езд Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады прайшоў 9 верасня ў Мінску. Яго мэтай было абранне новага старшыні партыі, аднак гэтага не зрабілі.
Як перадае Радыё Свабода, намесніца кіраўніка Цэнтральнай рады партыі Святлана Губейка прапанавала абраць новую Цэнтральную раду, рэвізійную камісію партыі, а выбары старшыні партыі і намеснікаў старшыні перанесці на наступную сесію з’езду.
Сваю прапанову яна абгрунтавала адсутнасцю на з’ездзе старшыні БСДГ Станіслава Шушкевіча: маўляў, праводзіць выбары без яго некарэктна. Дэлегаты з’езда ўхвалілі гэту прапанову.
Статут партыі дазваляе правесці чарговую сесію з’езда цягам бліжэйшых 6 месяцаў.
Станіслаў Шушкевіч ачольвае партыю БСДГ з 1998 года. Зараз ён знаходзіцца ў лякарні. Дата другой сесіі з’езда пакуль не вызначаная, гэта будзе залежыць ад стану здароўя Шушкевіча.