Зняволенага кіраўніка ліквідаванай партыі "Зялёныя" дадалі ў "спіс тэрарыстаў"

Дзмітрый Кучук, архіўнае фота
Камітэт дзяржбяспекі абнавіў спіс "асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці". У яго дадалі яшчэ дванаццаць прозвішчаў.
Гэта Людміла Ясімчык, Аляксей Зачапіла, Павел Вабішчэвіч, Андрэй Зіненка, Алена Марозава, Дзмітрый Кучук, Алег Самародскі, Павел Мінчык, Дзмітрый Сідарэнка, Максім Старасценка, Аляксандр Рандарэнка, Мікалай Буневіч.
Агулам у "тэрарыстычным спісе" КДБ налічваецца 1259 чалавек, з іх больш за 550 — беларусы.
Сярод "навічкоў" спісу — кіраўнік ліквідаванай уладамі партыі "Зялёныя" Дзмітрый Кучук. Раней яму прысудзілі 6 гадоў калоніі. Цяпер яго вырак набыў моц, паведамілі ў КДБ.
Кучука затрымалі 16 лютага 2024 года каля расійскай амбасады ў Мінску. Ён прыйшоў з кветкамі, каб ушанаваць памяць памерлага расійскага апазіцыянера Аляксея Навальнага. Спярша Кучуку прысудзілі адміністрацыйны арышт, а потым пачалі крымінальную справу. Яго абвінавацілі ў закліках да санкцыяй і ў дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак.
Дзмітрыю Кучуку 50 гадоў, у яго ёсць дарослая дачка. Партыю "Зялёныя", якую ён узначальваў, рэжым Лукашэнкі ліквідаваў у ліпені 2023 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.