Былога прэзідэнта Егіпта Мухамеда Мурсі чакае смяротная кара
Раней яго асудзілі на 20 гадоў турмы за прымяненне сілы супраць дэманстрантаў.
Суд Егіпта ў суботу, 16 траўня асудзіў былога прэзідэнта краіны Мухамеда Мурсі да смяротнай кары па абвінавачанні ва ўцёках з турмы ў 2011 годзе, перадае AFP. Разам з ім да найвышэйшай меры пакарання прыгаварылі яшчэ 105 удзельнікаў уцёкаў з турмы “Вадзі-Натрун”.
Гэта адбылося падчас народнага паўстання супраць тагачаснага прэзідэнта Хосні Мубарака. Сярод іншых абвінавачаных па гэтай справе — паплечнікі Мурсі па руху “Браты-мусульмане”, сябры “Хамаса” і “Хізбалах”.
Усе смяротныя прысуды павінен зацвердзіць Вярхоўны муфцій Егіпта, паралельна з гэтым асуджаныя могуць іх апратэставаць у вышэйшай інстанцыі.
Раней Мурсі быў асуджаны да 20 гадоў турмы па абвінавачанні ў прымяненні сілы супраць дэманстрантаў. Ён быў адхілены ад пасады прэзідэнта Егіпта ў ліпені 2013 года, піша newsru.com