Чаму Беларусь сварыцца з Расіяй праз цэны на газ. Коратка

Чаму Беларусь сварыцца з Расіяй праз цэны на газ. Коратка

Раніцай 26 жніўня БЕЛТА публікуе кароткае паведамленне. "Перамовы па цане на расійскі газ для Беларусі працягваюцца, паведаміў прэс-сакратар прэм'ер-міністра Беларусі Уладзіслаў Сычэвіч. Ва ўрадзе не каментуюць інфармацыю аб узгадненні новай схемы цэнаўтварэння на расійскі газ для Беларусі, якая з'явілася ў СМІ", — гаворыцца ў ім. За чатырма радкамі хаваецца сапраўднае супрацьстаянне Мінска і Масквы.

"Я чаму адкрыта пра гэта кажу? Таму што ўжо надакучыла, гэта ўжо праз край. <...> Cвой ўдзел у гэтых праектах мы будзем аптымізаваць"кажа пра перспектывы развіцця інтэграцыйных праектаў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з дзяржсакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам у аўторак, 20 верасня.

 

З чаго ўсё пачалося?

13 траўня расійскія ўлады афіцыйна заяўляюць, што Беларусь недаплаціла Расіі за газ ажно 125 мільёнаў долараў. Разабрацца, як так магло атрымацца, няпроста. Але калі коратка, то сутнасць спрэчкі — у жаданні беларускага боку плаціць за газ па цане, разлічанай як цана газу для Германіі мінус кошт транспарціроўкі па Польшчы і Беларусі, а таксама без экспартнай пошліны, якая складае ажно 30% ад агульнага кошту.

Расія зніжаць цану, натуральна, не хоча. Адсюль частыя паездкі беларускіх міністраў і нават прэм'ера ў Маскву і гучныя заявы ў афіцыйных расійскіх СМІ.

 

Колькі мы хочам плаціць за расійскі газ?

Кіраўнік Мінэнерга Беларусі Уладзімір Патупчык у тым жа траўні заявіў, што цана расійскага газу для краіны павінная складаць 73 долары за тысячу кубаметраў. Прыкладна столькі ж, 72 долары за тысячу кубаметраў, каштуе газ для суседняй Смаленскай вобласці, паведамляе "Камерсант". Па разліках таго ж аўтарытэтнага расійскага выдання, зыходзячы з дадзеных МВФ па цане газу на мяжы Германіі ў красавіку (141 долар за тысячу кубаметраў), цана для Беларусі па прапанаванай схеме ў красавіку мусіла быць 80,5 долараў за тысячу кубаметраў. Менавіта гэтага патрабаваў ад Расіі ў пачатку красавіка прэм'ер Андрэй Кабякоў.

Чаму Беларусь сварыцца з Расіяй праз цэны на газ. Коратка

Колькі мы плацім цяпер?

У прынцыпе, цяпер мы плацім Расіі столькі, колькі хочам. То бок, паводле агучаных прэм'ерам Кабяковым цэнаў, адсюль і незадаволенасць Крамля, і яго заявы пра 125 мільёнах пазыкаў. Але калі зыходзіць з патрабаванняў Расіі, то мы павінныя плаціць нешта каля 132 долараў за тысячу кубаметраў. Такая цана вынікае з пагаднення за 2011 год. Яна разлічваецца ў доларах як сума тарыфу на газ у Ямала-Нянецкай аўтаномнай акрузе (гэта каля 36 долараў), транспарціроўкі да Беларусі (каля 90) і захоўвання ў расійскіх рэзервуарах (каля 6 долараў).

 

Адкуль узяліся рознагалоссі?

Усё банальна і проста: кожны з бакоў трактуе кантракт 2011 года так, як яму больш выгадна. Мінск лічыць, што Масква з 2015 года мусіла перайсці на новыя схемы аплаты, якія абапіраюцца на цану газу для Германіі. Масква, у сваю чаргу, лічыць, што згодна з тым жа кантрактам магла перайсці на новую схему падлікаў, але не была абавязаная гэта рабіць.

Чаму Беларусь сварыцца з Расіяй праз цэны на газ. Коратка

У такой сітуацыі цяжка сказаць, хто мае рацыю, а хто не. У дадатак асобныя пытанні выклікае разлік кошту транспарціроўкі газу па тэрыторыі Расіі да мяжы з Беларуссю

Аналітык "Альпары" Вадзім Іосуб.

Хто мае рацыю?

Калі адным словам, то ніхто. Альбо адразу абодва бакі. "На самай справе прычына такой сітуацыі — у існаванні адразу некалькіх пагадненняў, якія мала перасякаюцца", — тлумачыць эканаміст, старшы аналітык "Альпары" Вадзім Іосуб. Гаворачы простай мовай, газ мы зараз тэарэтычна можам купляць у Расіі, кіруючыся двума рознымі дакументамі — міжурадавым пагадненнем (танней) і кантрактам з "Газпрамам" (даражэй). Адсюль няздольнасць вызначыць, хто, каму, чаму і колькі павінен за газ. "У такой сітуацыі цяжка сказаць, хто мае рацыю, а хто не. У дадатак асобныя пытанні выклікае разлік кошту транспарціроўкі газу па тэрыторыі Расіі да мяжы з Беларуссю", — дадае Вадзім Іосуб.

 

У чым прычына такой блытаніны?

У палітыцы. "У нас эканамічныя адносіны з Расіяй вельмі моцна палітызаваныя. То бок у нейкай іншай сітуацыі з іншай краінай было б проста — вось кантракт, вось пагадненне. І яно б, уласна кажучы, і выконвалася", — кажа эканаміст. На думку Вадзіма Іосуба, Беларусі часам удавалася скарыстацца гэтым на сваю карысць. Але перыядычна такі падыход да вядзення спраў паміж дзяржавамі прыводзіў да гандлёвых і газавых войнаў. У прыватнасці, яшчэ месяц таму Расія пагражала Беларусі скараціць пастаўкі нафты, калі мы не вернем 125 мільёнаў за газ.

 

Што будзе далей?

Афіцыйна пакуль нічога не паведамляецца. Аднак па інфармацыі таго ж "Камерсанта", бакі нарэшце дамовіліся. Замест доларавай формулы з 2017 года будзе прымяняцца рублёвая на аснове сярэдняй цаны на газ у Расіі з павышальным каэфіцыентам. У выніку газ для Мінска патаннее прыкладна на 30%, да 100 долараў за тысячу кубаметраў (цяпер, нагадаю, расійскі бок настойвае на 132 доларах). Формула для вызначэння цаны газу зменіцца і будзе цалкам рублёвай. Цана будзе фармавацца на аснове ўнутрырасійскага з павышальным каэфіцыентам. Прычым расіяне абяцаюць, што ў 2025 годзе цэны на газ у Расіі і Беларусі зраўняюцца. Пажывем — пабачым.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі