Чаму паслугі цырульнікаў і медыкаў не патаннелі пасля адмены падатку?

Меркавалася, што мы будзем менш плаціць за паслугі згодна з асаблівай часткай Падатковага кодэкса, якая ўступіла ў сілу з новага года.

Як паведаміла Еўрарадыё кіраўнік Віцебскай абласной падатковай Інспекцыі Таццяна Мясаедава, з 1 студзеня вызваляюцца ад падатку на даданую вартасць (20%) некаторыя віды бытавых паслуг для насельніцтва:

“Вызваляюцца паслугі цырульняў, лазняў і душавых, сцірка, хімчыстка, рамонт гадзіннікаў, вытворчасць і рамонт вопраткі і абутку, рамонт і тэхнічнае абслугоўванне бытавых прыбораў, рамонт прадметаў уласнага карыстання і бытавых тавараў”.

Падатак на даданую вартасць (ПДВ) адмянілі. Але ці стане меншым кошт саміх паслуг? Як выявілася, цэны засталіся тымі самымі.

Еўрарадыё: Скажыце, вы працуеце ўжо без ПДВ? Калі так, то ці панізіліся цэны на вашы паслугі?

Хімчыстка “Акваторыя”
: "Так, з насельніцтвам працуем без ПДВ. На цэнах гэта, вядома, не адбілася. Чаму мы павінны ў страту сабе працаваць? Патлумачце, калі ласка, навошта нам тады працаваць, калі працаваць сабе ў страту?"

Лазні з новага года таксама не налічваюць падатак на даданую вартасць. Што ніяк не адбілася на кошце іх паслуг.

Лазня №4: "Мы працуем у адпаведнасці з заканадаўствам. ПДВ мы не налічваем на гэтыя віды паслуг. Узровень цэнаў мы пакінулі на тым самым узроўні".

Не перапішуць цэннікі і цырульні. У мінскай цырульні “Чараўніца” Еўрарадыё патлумачылі, што большасць цырульняў выплачваюць падаткі па спрошчанай схеме. Таму, да іх адмена ПДВ не адносіцца – мы як раней ПДВ не плацілі, так і цяпер не будзем, нам адмяняць няма чаго, — кажа эканаміст цырульні:

“У цырульнях свае кошты даўно ўжо склаліся. Цана як была, так і засталася, у нас нічога не змянілася – ні больш ні менш”
.

Паводле новага Падатковага Кодэкса вызваляюцца ад падатку і медыцынскія паслугі. Медцэнтры можа і гатовыя знізіць расцэнкі, але дагэтуль няма тлумачэнняў, на якія віды паслуг можна адмяніць ПДВ. Таму яны працягваюць працаваць па-ранейшаму, а кошты на медыцынскія паслугі засталіся тымі самымі.

Вольга Парахневіч, эканаміст "Ладэ":
“Дзе афіцыйны дакумент? Афіцыйных дакументаў нідзе няма. Таму мы працуем з ПДВ, а афіцыйны дакумент невядома калі будзе”

"Экамедсервіс": “Пакуль працуем з ПДВ, 20%, бо пакуль няма пераліку паслугаў, на якія адмяняецца ПДВ. Калі ПДВ адменіцца, то і для спажыўца гэта будзе танней. Але нам хаця б для пачатку пабачыць пералік, а пасля ўжо ўдакладняць далей”

Па тлумачэнні Еўрарадыё звярнулася ў мінскую гарадскую падатковую інспекцыю. Там нам сказалі, што льгот для прадстаўнікоў медыцынскіх паслуг не будзе, пакуль пералік не зацвердзіць сваім указам прэзідэнт.

Падатковая, Мінск: “Пакуль няма пераліку паслуг, таму абкладаецца ў агульнаўсталяваным парадку. На дадзены момант ільготы няма, хаця ў прынцыпе яна прадугледжваецца. Пакуль пералік не будзе прыняты, ільготы не будзе. А пералік будзе зацверджаны ўказам прэзідэнта”.

Фота: photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі