Ці адаб’ецца пашырэнне заходніх санкцый супраць Расіі на Беларусі?

Санкцыі супраць Расіі могуць быць пашыраныя. Такое папярэджанне прагучала ўчора ў Бруселі з боку G7 – кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў сямі вядучых краін свету. Ці можа гэта пашырэнне санкцый супраць Расіі нейкім чынам адбіцца на эканамічнай сітуацыі ў Беларусі?

Па словах фінансавага аналітыка “Альпары” ў Мінску Вадзіма Іосуба, гэта цалкам верагодна.

Вадзім Іосуб: “Сыходзячы з таго, што Расія для нас найперш – галоўны рынак збыту, а па-другое гэта – асноўны крэдытор, то адчувальнае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў Расіі Беларусь закрануць можа”.

Праўда, удакладняе суразмоўца Еўрарадыё, для гэтага неабходна, каб расійская эканоміка, а не асобныя персоны, супраць якіх пакуль ЕС і ЗША увялі санкцыі, адчула наступствы санкцый.

Вадзім Іосуб: “Пакуль санкцыі прымяняліся да пэўных асоб, пэўных кампаній – гэта практычна не закранае расійскія параметры бюджэту, мала адбіваецца на эканоміцы Расіі. Калі санкцыі стануць адчувальнымі для Расіі – яны могуць стаць адчувальнымі і для Беларусі. А пакуль у маштабах дзяржавы Расія стратаў ад ужо ўведзеных санкцый практычна не адчувае”.

Зараз ЕС і ЗША могуць увесці санкцыі супраць энергетычнага комплексу Расіі – абмежаваць пастаўкі за мяжу расійскіх нафты ды газа. Але ці будуць гэтыя санкцыі ўведзеныя, разважае Вадзім Іосуб, а калі будуць, то да якой ступені “жорсткімі яны будуць”, прадказваць складана.

Вадзім Іосуб: “Значнае скарачэнне паставак з Расіі энерганосьбітаў будзе біць не толькі па Расіі, але і па Еўропе як спажыўцу. Таму на гэтым этапе на Захадзе няма кансенсусу – што будзе з сябе ўяўляць наступны ўзровень санкцый”.

А можа апынуцца, што Беларусь на гэтых санкцыях яшчэ і крыху заробіць. Пачне яшчэ больш пастаўляць у Еўропу вырабленых з расійскай нафты “бітуму” ці “растваральнікаў”. А калі Газпрому адмовяць у пастаўках газу ў Еўропу, то будуць заплюшчваць вочы на тое, што расійскі газ будуць пастаўляць беларускія пасярэднікі.

Беларусь ужо адчула на сабе наступствы санкцый супраць Расіі, не пагаджаецца з калегам эканаміст Яраслаў Раманчук.

Яраслаў Раманчук: “Беларусь ужо адчула. Наш экспарт у Расію скараціўся ў першым квартале на 7%, і ўжо зразумела, што Расіі будзе даволі складана выконваць абавязкі ў дачыненні да Беларусі ў межах Еўразійскага эканамічнага звязу”.

Але пагаджаецца з Іосубам у тым, што сапраўдных санкцый да Расіі Захад яшчэ не ўжываў. І невядома – ці будзе ўжываць.

Яраслаў Раманчук: “Сапраўдных санкцый, якія б абмежавалі ў трох галоўных для Расіі рэчах – нафта, газ і фінансы няма. Няма яшчэ палітычнай волі на Захадзе, няма адзінай пазіцыі, бо тыя ж Францыя і Італія вельмі насцярожана ставяцца да пытання санкцый. Нават Нямеччына сёння больш думае пра тое, як гэта адаб’ецца на Нямеччыне, а не пра тое, як вырашыць украінскае пытанне”.

Нават калі “энергетычныя санкцыі” супраць Расіі Захад і вырашыць уводзіць, то адбудзецца гэта не раней за восень гэтага года. А наступствы ад іх увядзення будуць заўважныя толькі ў 2015 годзе.

Фота: www.bundesregierung.de

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі