Ціхан і Дзевятоўскі не атрымалі грошы за Алімпіяду

Іншыя чэмпіёны і прызёры гульняў у Пекіне ўжо маюць прэміі, зоркі на пагонах і нават забяспечваюцца бясплатнай каўбасой. Да таго ж алімпійскія чэмпіёны чакаюць на атрыманне бясплатных кватэр.    Абяцалася, што залатыя медалісты атрымаюць па 100 тысяч долараў ЗША, срэбраныя – па 50 тысяч, бронзавыя – па 30.

«Грошы выплацілі, а наконт кватэры пакуль нічога не чуў, - кажа Андрэй Арамнаў, алімпійскі чэмпіён у цяжкай атлетыцы. – Але абяцалі даць. Проста зараз у мяне адпачынак, ездзілі з камандай у Егіпет. Па шчырасці, калі мне дадуць кватэру ў Мінску, то ад яе не адмоўлюся».

А вось чэмпіёнка ў кіданні молата Аксана Мянкова чакае засялення ў новую кватэру напрыканцы зімы. Іншыя абяцанні дзяржава перад спартсменкай выканала.

“Гэта было яшчэ ў кастрычніку, Аксане ўручылі лейтэнанцкія пагоны, - падсумоўвае трэнер Аксаны Валерый Варанцоў. – Грошы, якія абяцаў прэзідэнт, таксама адразу ж выплацілі. Наконт кватэры зараз будзе паседжанне Алімпійскага камітэту, ключы абяцаюць выдаць ў лютым”.

Але пераязджаць у сталічную кватэру чэмпіёнка не спяшаецца. Умовы для трэніровак у Магілёве лепшыя, чым у Мінску.

“Сектар для кідання молата знаходзіцца адразу ж побач са спартыўным комплексам, - працягвае Валерый Варанцоў. – Напрыклад, у маразы можна выканаць некалькі кідкоў і адразу ж пайсці пагрэцца ў спартыўную залу, выканаць і іншыя практыкаванні ”.

Прэміі, кватэры і зоркі на пагонах - гэта не ўсе прэзенты для алімпійскіх чэмпіёнаў. Гандлёвая марка “Мясаград” штомесяц выдае трыўмфатарам Пекіна каўбасных вырабаў на суму ў больш чым 100 тысячаў беларускіх рублёў. І акцыю абвясцілі вечнай.

«Слова стрымалі, малайцы, - рэспектуе «Мясаград» Андрэй Арамнаў. – Штомесяц атрымоўваем ад гэтага прадпрыемства мясную прадукцыю. Выбіраем самае смачнае і паціху з'ядаем. У мяне часу мала, таму каўбасы выбірае мама».

Толькі кідальнікі молата Іван Ціхан і Вадзім Дзевятоўскі не атрымалі дзяржаўных прэмій і смачных пачастункаў - бо патрапілі ў допінгавы скандал. Дысцыплінарная камісія Міжнароднага алімпійскага камітэту мелася вырашыць, ці ўжывалі нашы спартоўцы тэстастэрон.

“Пакуль рашэння наконт Ціхана і Дзевятоўскага няма, - паведамляе прэс-сакратар НАКу Пётр Рабухін. – Найперш гэтае рашэнне патрапіць шэфу нашай алімпійскай місіі”.

Такім чынам, пакуль усё, што атрымалі Ціхан і Дзевятоўскі, – гэта дзяржаўныя адзнакі. Іван – медаль “За працоўную доблесць”, Вадзім - званне “Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь”.

Алімпійскія медалі пакуль таксама застаюцца пра Ціхане і Дзевятоўскім, прынамсі да канца расследавання МАК.

Калі віна беларусаў ва ўжыванні тэстастэрону не будзе даказанай, Вадзім атрымае 50 тысяч долараў ЗША, а Іван – 30 тысяч у якасці дзяржаўнай прэміі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі