“Цяпер у Бакіевых іншы статус — судом яны афіцыйна прызнаныя злачынцамі”
На чыю дапамогу ў экстрадыцыі Бакіева з Беларусі разлічвае Бішкек, Еўрарадыё распавядае старшыня Камітэта па міжнародных справах парламента Каныбек Іманаліеў.
Еўрарадыё: Чаму афіцыйны Бішкек так упарта дабіваецца выдачы экс-прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева і яго брата Жаныша, якія збеглі з краіны і зараз знаходзяцца ў Беларусі?
Каныбек Іманаліеў: Ёсць такая справа, як правасуддзе. А рашэннем Бішкекскага ваеннага гарнізоннага суда 14 лютага яны былі прызнаныя вінаватымі ў цяжкіх злачынствах: арганізацыі выкраданняў і катаванняў, забойстве трох чалавек, якое было здзейсненае з асаблівай жорсткасцю. І прызначылі Курманбеку Бакіеву, які знаходзіцца ў Беларусі, 24 гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. А малодшаму брату, тагачаснаму начальніку аховы прэзідэнта Жаныбеку Бакіеву — пажыццёвае зняволенне з канфіскацыяй маёмасці, які паводле нашай інфармацыі таксама знаходзіцца ў Беларусі. У сувязі з гэтым наш міжнародны камітэт ухваліў, а сёння будзе галасаванне ўсяго парламенту, зварот да міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў-удзельніц СНД аб экстрадыцыі Кыргызскай Рэспубліцы злачынцаў — а яны кыргызскім правасуддзем прызнаныя злачынцамі. Наша краіна заўсёды выконвала міжнародныя абавязальніцтвы. Мяркую, такім жа чынам зробяць сябры міжпарламенцкай асамблеі АБСЕ, ЕўрАзЭС, СНД і АДКБ.
Каныбек Іманаліеў, старшыня Камітэта па міжнародных справах парламента Кыргызстана
Еўрарадыё: Якіх канкрэтных дзеянняў у дачыненні да афіцыйнага Мінска вы чакаеце ад сяброў міжпарламенцкай асамблеі, краін-удзельніц Мінскай канвенцыі?
Каныбек Іманаліеў: Усе мы, сябры Мінскай канвенцыі, з’яўляемся суб’ектамі міжнароднага права. А ёсць агульнапрызнаныя нормы міжнароднага права, фундаментальныя прынцыпы дэмакратыі і правоў чалавека. А таксама — непазбежнасць пакарання па судовых прысудах. І мы будзем заклікаць нашых калег, у тым ліку — парламентарыяў краін-удзельніц СНД і сяброў парламента Беларусі, каб яны садзейнічалі ў вырашэнні пытання па затрыманні і экстрадыцыі асуджаных злачынцаў — Курманбека Бакіева і Жаныбека Бакіева.
Жаныбек Бакіеў
Еўрарадыё: Ці не стане перашкодай тое, што, прынамсі, Курманбек Бакіеў атрымаў беларускае грамадзянства?
Каныбек Іманаліеў: Па гэтым накірунку павінны працаваць нашы праваахоўныя органы — генеральныя пракуратуры Кыргызстана і Беларусі. Мяркую, ёсць прававое поле і нормы, на падставе якіх іх можна экстрадзіраваць. Гэта станоўча адаб’ецца на іміджы Беларусі.
Еўрарадыё: Але раней пракуратуры нашых краін у пытанні выдачы Бакіевых паразумення не знайшлі — вы лічыце, што зараз можа быць па-іншаму?
Каныбек Іманаліеў: Зараз у іх іншы статус. Раней беларускім бокам усё падавалася так, нібыта іх пераследуюць па палітычных меркаваннях. А зараз рашэннем суда яны афіцыйна прызнаныя злачынцамі, якія арганізавалі і самі прымалі ўдзел у забойствах дзяржаўных дзеячаў. Да прыкладу, Медэта Садыркулава, экс-кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Кыргызстана — яго забілі з асаблівай жорсткасцю. Такія людзі, як Бакіевы, павінны панесці пакаранне і перад законам, і перад Богам.
Курманбек Бакіеў
Еўрарадыё: Думалі, што будзеце прадпрымаць, калі і гэты зварот не дасць станоўчага выніку?
Каныбек Іманаліеў: Мы ўсё ж спадзяёмся на станоўчае вырашэнне пытання. Беларусь усё ж цывілізаваная дзяржава, якая развіваецца на падставе Канстытуцыі і законнасці, на падставе міжнародных прававых узаемаадносінаў. Мяркую, розум пераможа, і яны будуць паважаць рашэнне правасуддзя кыргызскага боку.
Еўрарадыё: Наконт канфіскацыі маёмасці Бакіевых — не думаю, што яны ўцяклі з краіны з пустымі кішэнямі. Спадзяецеся вярнуць у краіну тое, што яны вывезлі?
Каныбек Іманаліеў: Тое, што засталося ў Кыргызстане, будзе канфіскаванае. А тое, што звезлі… Усё ж такі ёсць правасуддзе. У дачыненні да сына Курманбека Бакіева Максіма з боку англійскага правасуддзя распачатая крымінальная справа, іншыя краіны, згодна з нашай інфармацыяй, у гэтым накірунку працуюць. А далей гэта — паўнамоцтвы нашых праваахоўных органаў. Яны павінны сумесна з тымі дзяржавамі, дзе ёсць маёмасць сям’і Бакіевых, афіцыйна аформленая, падрыхтаваць адпаведныя дакументы.
Еўрарадыё: Калі Бакіеў паспрабуе выехаць з Беларусі — ці будзе ён мець праблемы з праваахоўнымі органамі іншых краін?
Каныбек Іманаліеў: Нашы праваахоўныя органы працуюць і па лініі Інтэрпола. Таму — пытанне часу. Яны будуць, спадзяюся, затрыманыя і стануць перад кыргызскім судом.
Фота: Змітра Лукашука, www.kenesh.kg, www.itar-tass.com