Да канца года праязныя ў метро будуць замененыя

Бескантактныя праязныя дакументы праходзяць выпрабаванні, каб да канца году замяніць прывычныя пластыкавыя карткі. У эксперыменце з пачатку мінулага году ўдзельнічаюць каля 2,5 тысяч супрацоўнікаў мінскага метро. "Для пуску новых сістэм у эксплуатацыю амаль усё гатова, — кажа Рыгор Якімкаў, начальнік службы руху Мінскага метрапалітэну. — Завершаная ўсталяванне счытвальных прыстасаванняў на турнікеты. Засталося абсталяваць касы новымі прыстасаваннямі для кадаваньня і «падзарадкі» картак".

Вонкава новая радыёкарта мала адрозніваецца ад цяперашняй магнітнай. Але працуе яна зусім па іншым прынцыпе. Дзякуючы ўмантаванай антэне і мікрачыпу карта спрацоўвае на адлегласці двух-трох сантыметраў ад прыстасавання. Пасажырам гэта дасць масу пераваг. Каб прайсці турнікет, праязны не давядзецца даставаць з кішэняў ці торбаў. Дастаткова будзе блізка паднесці яго да счытвальнага прыстасавання, дзе намаляваная картка і ёсць надпіс «Радыёкартка». Так што інфармацыя з такога праязнога счытваецца хутчэй, чым з магнітнай карты, чэргі да турнікетаў у час пік знікнуць.

"Важна і тое, што новая бескантактная карта мае больш высокі ўзровень абароны ад падробак і больш доўгі тэрмін эксплуатацыі", — тлумачыць Рыгор Якімкаў.

Зрэшты, закладны кошт такой карткі таксама будзе вышэйшым. Наколькі падаражэе праязны дакумент, пакуль не паведамляецца. Прынцып платы за карыстанне паслугамі сталічнай падземкі на першым этапе застанецца ранейшым. Пасажыры будуць мець магчымасьць набыць праязны на дэкаду і на месяц. Магчыма, з'явіцца праязны на квартал. Аднак у перспэктыве будзе разглядацца магчымасць пераходу на аплату колькасці зробленых паездак незалежна ад часу карыстання карткай.

Наша Ніва

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі