ДАІ пачала “паляванне” на веласіпедыстаў

Людзей на роварах, якія выязджаюць на дарогу, масава штрафуюць і адпраўляюць на тратуары
ДАІ стала больш жорстка ставіцца да веласіпедыстаў на дарогах. На розных форумах абураныя аматары катання на роварах скардзяцца на штрафы і на тое, што ездзіць па праезнай частцы ім больш не дазваляюць. Па словах магулёўскага настаўніка Андруся Кавалёва, які штодня ездзіць на працу на ровары, раней інспектары маглі спыніць толькі, каб падараваць флікер і пажадаць шчаслівай дарогі. Цяпер яго штрафуюць. 

Андрусь Кавалёў: "Ехаў раніцай у нядзелю. Яны стаялі на машыне ля аўтавакзала. Ім не было чаго рабіць, руху транспарту не было, таму мяне спынілі. Сказалі, што я еду па праезжай частцы, а не па тратуары, таму мушу плаціць штраф. Прайшлі ў машыну, разгаварыліся, я распавёў ім колькі ўжо езжу. Дык яны нават ужо і не хацелі мяне штрафаваць, але пачалі пісаць пратакол".

Згодна з заканадаўствам, веласіпед павінен ехаць па веладарожцы. Але калі яна адсутнічае — можна па тратуары і па дарозе. Гэта Еўрарадыё пацвердзілі ў ДАІ Магілёўскай вобласці. 

ДАІ: "Калі няма веласіпеднай дарожкі, то па абочыне, тратуары або пешаходнай дарожцы. А калі няма абочыны, тратуара і пешаходнай дарожкі, або не магчыма праехаць па іх, то дапускаецца рух па праезнай частцы". 

Цікава, што фармулёўка “немагчыма праехаць” даволі ўмоўная. Месцы, дзе па тратуары можна праехаць, а дзе не, вызначаюць самі даішнікі… на вока. 

ДАІ: "Такога тэрміна няма. Вызначаецца па меркаванні інспектара. Мне трэба выехаць на месца і сказаць можна там праехаць або не. Але па-мойму няма такога месца, дзе б нельга было праехаць на ровары. На іх нават па горах ездзяць". 

Калі ровар можа ехаць па горах, то праедзе і па такой дарозе, лічаць у ДАІ

На практыцы гэта выглядае так: 

"Я пытаўся ў інспектараў, калі мяне першы раз штрафавалі, што значыць "немагчыма"? — расказвае настаўнік Андрусь Кавалёў. — Інспектар так адказаў: я сядаю на твой веласіпед, праязджаю... значыць магчыма. Усё". 

На думку аўтара сайта "Белавела" Андрэя, праблему сапраўды маглі б вырашыць веладарожкі. Аднак, іх не так шмат і ездзіць па іх не заўсёды зручна. Часам яні ідуць унікуды, упіраюцца ў прыступкі і бардзюры, або праходзяць праз аўтобусныя прыпынкі. Пра гэта ж кажа і Андрусь Кавалёў.

Андрусь Кавалёў: "На вуліцы Чалюскінцаў у Магілёве немагчыма ехаць па такзванай веладарожцы. Там, калі едзешь у бок плошчы Арджанікідзэ веладарожка пераходзіць у прыступкі. І там стаяць даішнікі, і нават калі едзеш па дарожцы, даводзіцца з'яжджаць з яе. Тады ёсць некаторыя прынцыповыя якія штрафуюць". 

Веладарожка праходзіць проста праз прыпынак

На Захадзе веладарожкі часта робяцца на самой праезнай частцы і адзяляюцца спецыяльнай паласой, напрыклад у Вене. У нас іх “малююць” на тратуары, які першапачаткова не прыстасаваны для праезду веласіпедаў, кажа аўтар сайта "Белавела" Андрэй:

"У мяне ёсць фотаздымак дзе веладарожка пачынаецца лесвіцай у два пралёты", — расказвае велааматар. — Калі ты едзешь вечарам і бачыш знак веладарожкі, думаешь, што можна разагнацца. Разганяешься і звальваешься у канаву".

Вось так у нас будуюць веладарожкі - проста праводзяць лінію на ходніку
 
Летась на беларускіх дарогах было зафіксавана амаль 500 дарожных здарэнняў з удзелам веласіпедыстаў, у якіх 128 чалавек загінула і 380 атрымалі раненні.

Верагодна, мілцыі выгадна прагнаць ровары з дарогі, бо гэта зменшыць колькасць здарэнняў. Але здарэнні, якія адбываюцца з удзелам пешахода і веласіпедыста, ніхто не лічыць.

Тут дарожку выкарыстоўваюць, як паркоўку

У правілах дакладна не прапісана, што па веладарожкам нельга хадзіць

Вось тут прапануюць ездзіць раварыстам


Веладарожка скончылася і зноў пачынаецца на іншым баку дарогі. Гэта значыць, што раварыст на гэтым кавалку мусіць ісці з роварам пешшам.

Болей здымкаў можна пабачыць на сайце Белавела

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі