"Дата генератар": Ілжэдзмітрый ІІ (каля 1575 — 1610)
Непрыкметным хатнім настаўнікам быў напачатку чалавек, якога расійская гістарыяграфія называе Ілжэдзмітрыем ІІ.
У ролі цара, які 17 траўня 1606 года ўжо другі раз “цудам” пазбег смерці (а першы раз ва Углічы 15 траўня 1591 года), ён выступаў 3 гады і 5 месяцаў: з 12 ліпеня 1607 да 11 снежня 1610 года, калі быў забіты ў наваколлі Калугі.
Пра яго паходжанне і дзейнасць ў ролі “цара” розныя аўтары пішуць па-рознаму. Я налічыў 11 варыянтаў біяграфіі. Яго аб'яўлялі і папоўскім сынам, і дваранскім, і казачым, і былым дзячком, і нават хрышчоным габрэем. Чым больш нянавісці меў да яго чарговы аўтар, тым мацней імкнуўся намаляваць яго гідкім чалавекам. Між тым праўда застался нявысветленай, нават яго сапраўднае імя невядомае, але гнюсам ён не быў. Проста ён як сапраўдны авантурнік паспрабаваў гуляць сваю гульню ў абставінах, якія склаліся незалежна ад яго.
Дакладна вядома вось што: жыў ён у наваколлях Шклова, потым у самім Шклове, потым у Магілёве, вучыў дзяцей грамаце і Святому Пісьму, потым ад яго паслуг адмовіліся (прычыны невядомыя), жыў у галечы. З Магілёва ён уцёк у Прапойск, дзе яго арыштавалі і кінулі ў турму.
Ён быў пісьменным чалавекам, добра ведаў Святое Пісьмо і ўсе асаблівасці царкоўнай службы па праваслаўным абрадзе, акрамя рускай мовы, валодаў яшчэ і польскай (а гэта характэрна менавіта для жыхара Рэчы Паспалітай).
З даўніх часоў прынята гаварыць і пісаць пра яго як пра “марыянетку” ў руках “польскіх паноў”. Па-першае, такая версія больш за ўсе іншыя падабалася ўладам Масковіі (а потым Расіі) і польскім аўтарам. Па-другое, яна ідэальна падыходзіла праваслаўным аўтарам, якія традыцыйна ва ўсіх змрочных падзеях жыцця сваёй краіны вінавацяць “агентаў Захаду”, якія быццам з глыбокай старажытнасці марылі загубіць “Святую Русь”.
Аднак спакойнае вывучэнне дзеянняў Ілжэдзмітрыя Другога ва ўсе перыяды яго эпапеі дазваляе адпрэчыць такі погляд.
Я не буду разглядаць яго паход на Тулу і Бранск, першы паход на Маскву, жыццё ў Тушынскім лагеры. Прапаную паглядзець на яго дзеянні ў апошні — калужскі, перыяд жыцця, які невядомы шырокаму колу чытачоў.
Вядома, што 27 снежня 1609 года Ілжэдзмітрый II, схаваўшыся ў санках пад драніцамі, уцёк у Калугу.
У калужскі перыяд ён дзейнічаў цалкам самастойна і па сваіх правілах. Тады ён звяртаўся да рускіх людзей, палохаў іх імкненнем караля Жыгімонта захапіць Масковію і ўсталяваць у ёй каталіцтва. “Цар Дзмітрый” кляўся, што не аддасць палякам ні пядзі рускай зямлі і разам з народам памрэ за праваслаўную веру. Гэты заклік знайшоў водгук. Самазванец ізноў прыцягнуў да сябе мноства прыхільнікаў і павёў вайну ўжо супраць двух ворагаў: цара Васіля IV Шуйскага і караля Жыгімонта III. Яму зноў прысягнулі шматлікія гарады.
А Тушынскі лагер пад Масквой без яго хутка распаўся — вось вам і марыянетка! Частка прыхільнікаў Дзмітрыя пайшла да караля пад Смаленск, а іншая — у Калугу. Уцякла да яго і Марына Мнішак. Рух Дзмітрыя прымаў нацыянальны характар; не выпадкова шмат хто з яго прыхільнікаў пазней былі актыўнымі дзеячамі Першага і Другога апалчэнняў. У Калузе Дзмітрый здолеў стварыць такую самую сістэму кіравання дзяржавай, як у Тушыне.
На пачатку 1610 года Дзмітрый загадаў усім тым гарадам, што засталіся на яго баку, арыштаваць палякаў і ліцвінаў, якія там былі, а іх маёмасць даставіць яму ў Калугу. Так ён і яго баяры вельмі хутка сабралі шмат грошай. Не жадаючы паўтараць мінулых памылак, Ілжэдзмітрый пільна сачыў за тым, каб у яго войску рускіх было ў два разы больш, чым чужынцаў. Да вясны яго войскі адваявалі ў Шуйскага Арзамас і Старую Русу.
Тым часам тушынскі патрыярх Філарэт і баяры склалі з Жыгімонтам III дамову, па якой сын караля Уладзіслаў павінен быў стаць царом маскоўскім пры ўмове, што ён возьме хрост у праваслаўе і шлюб з рускай князёўнай. Неўзабаве польска-ліцвінскія аддзелы захапілі Старадуб, Почап, Чарнігаў і Ноўгарад-Северскі, Раслаўль, іх жыхары прысягнуліся Уладзіславу.
У сітуацыі, якая склалася, тыя, хто яшчэ заставаўся ў Тушыне, вырашылі спыніць аблогу Масквы, спалілі Тушынскі лагер і пайшлі ў Валакаламск. Адтуль яны разышліся хто куды.
Улетку 1610 года польска-літоўскае войска гетмана Жалкеўскага пайшло на Маскву. Па дарозе яно 24 чэрвеня разбіла маскоўска-шведскае войска Дзмітрыя Шуйскага (брата цара) і Якаба Дэлагардзі ў бітве каля сяла Клушына і набліжалася да сталіцы з захаду. А з поўдня на Маскву пайшоў Ілжэдзмітрый. Яго войскі занялі Серпухаў, Бароўск, Пафнуцьеў манастыр і дашлі да самай Масквы.
Прыхільнікі самазванца прапанавалі масквічам скінуць Васіля Шуйскага і абяцалі, што тое ж самае яны зробяць са сваім царом-самазванцам. А пасля гэтага ўсёй зямлёй абяруць новага цара і спыняць братазабойчую вайну. Ворагі Шуйскага з радасцю ўспрынялі гэту агітацыю. 17 ліпеня 1610 года баяры і дваране на чале з Захарам Ляпуновым скінулі Шуйскага з пасаду і сілай пастрыглі яго ў манахі.
Потым сабраўся Земскі сабор, які адправіў сваіх прадстаўнікоў у лагер самазванца каля Данілавага манастыра, каб яго баяры зрынулі свайго "цара". Аднак іх чакала жорсткае расчараванне. Баяры самазванца зусім не думалі гэтага рабіць, а запатрабавалі адчыніць браму свайму “сапраўднаму цару”. Маскву ахапіла разгубленасць. 2 жніўня Ілжэдзмітрый II прыйшоў у сяло Каломенскае і пачаў аблогу сталіцы, а 3 жніўня пад Масквой з'явіўся гетман Жалкеўскі.
Тады часовы ўрад з сямі баяраў на чале з Фёдарам Мсціслаўскім 17 жніўня склаў дамову з Жалкеўскім, па якой ён абраў царом Уладзіслава. Маскоўскія баяры і дваране цалавалі крыж каралевічу. Але жыхары і Масквы, і правінцый не ведалі, што рабіць: скарыцца баярам з каралевічам ці скарыцца “сапраўднаму цару Дзмітрыю”. Адны гарады цалавалі крыж Уладзіславу, другія — Дзмітрыю, трэція вырашылі абысціся пакуль без цара.
Аднак міф пра добрага сына Івана Грознага зноў авалодваў народам. Ілжэдзмітрыю прысягнуліся шматлікія гарады і сёлы, у тым ліку тыя, хто раней быў супраць яго, напрыклад Каломна, Кашыра, Суздаль, Галіч, Уладзімір... Усё больш прыхільнікаў ён набываў сярод гарадской беднаты, халопаў і казакоў, тады як многія дваране пакінулі Калужскі лагер і адправіліся ў Маскву. Рэальная пагроза з боку самазванца прымусіла ўрад сямі баяраў усталяваць звяз з Жалкеўскім; баяры дазволілі яму прайсці праз Маскву, каб адбіць “злодзея”. Пад ціскам войскаў Жалкеўскага Ілжэдзмітрый адышоў назад і вярнуўся ў Калугу.
Але, пачаўшы барацьбу з нядаўнімі хаўруснікамі — палякамі і ліцвінамі, Ілжэдзмітрый вёў яе рашуча і бязлітасна. Да пачатку верасня яго атрады адбілі Казельск, Мяшчоўк, Почап і Старадуб. Народ пачаў бачыць у ім адзіную сілу, здольную супрацьстаяць чужынцам. Яму прысягнулі Казань і Вятка. Пасланцы Ілжэдзмітрыя агітавалі народ супраць Уладзіслава. На рынках і плошчах вартавыя і дваране хапалі агітатараў, але натоўп адбіваў іх сілай.
А ў Калузе Ілжэдзмітрыя з кожным днём ахопліваў усё большы недавер да сваіх баяраў, усё часцей ён караў іх смерцю па падазрэнні ў здрадзе. Людзей хапалі, жорстка катавалі і забівалі.
Часовы ўрад (сямі баяраў) пры падтрымцы палякаў распачаў наступ на Калужскі лагер. Ён выгнаў яго ваявод з Серпухава і Тулы. Але на пачатку снежня атаман Іван Заруцкі разбіў войска Яна Сапегі, ударную сілу ў барацьбе з самазванцам, а татарскі князь Пётра Урусаў разбіў асобны польска-ліцвінскі аддзел і прывёў у Калугу шмат палонных. Іх штодня каралі смерцю: вялі да ракі і тапілі ў палонках.
Ілжэдзмітрый вырашыў з'ехаць у Варонеж, бліжэй да казачых ускраін, і зрабіць гэты горад сваёй сталіцай. А потым нацкаваць на Маскву крымскіх татараў і такім чынам паправіць свае справы. Але 11 снежня яго забіў падчас палявання князь Пётра Урусаў у адплату за таемна пакаранага самазванцам касімаўскага хана.
Забойства выклікала вялікае абурэнне сярод жыхароў Калугі, Урусаву давялося ўцячы, а гараджане забілі шмат татараў (у тым ліку і жонку Урусава). Свайго “добрага цара” яны пахавалі ў драўлянай Траецкай царкве. У наш час месца пахавання невядомае.
Як мы бачым, самазванец быў разумны чалавек, ён абраў правільную стратэгію і дзейнічаў рашуча. Хутчэй за ўсё, ён бы атрымаў перамогу, калі б не выпадак.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.