Давыдзька пра купалаўцаў: вялікія артысты палі ахвярамі палітычных інтрыг
"Мне вельмі шкада, што вялікія артысты палі ахвярай палітычных інтрыг", — так дэпутат Палаты прадстаўнікоў і старшыня "Белай Русі" Генадзь Давыдзька пракаментаваў падзеі вакол Купалаўскага тэатра. Пра лёс тэатра ён выказаўся 27 жніўня на адкрытай сустрэчы з выбарцамі.
Дырэктар тэатра, экс-міністр культуры Павел Латушка падтрымаў мірныя вулічныя пратэсты. Пасля гэтага яго звольнілі. На знак салідарнасці з дырэктарам з тэатра сышлі 58 супрацоўнікаў, у тым ліку 36 актораў і ўсе рэжысёры. Гэты сыход адбыўся ў год, калі тэатр адзначае сваё 100-годдзе.
"Мне вельмі шкада, калі мастацтва становіцца ахвярай палітычных інтрыг, палітычных гульняў. /.../ Я не магу асуджаць тых актораў, якія звольніліся, але Купалаўскі тэатр застаецца. І не толькі як будынак, але і як дух, які ў ім быў. Больш за тое — тыя акторы, якія сышлі, думаю, яны вернуцца сваім часам у тэатр. І тэатр працягне сваю працу", — заявіў Давыдзька, які раней сам быў акторам-купалаўцам.
Пасля гэтага дэпутат абвінаваціў ва ўсім Латушку: "Я лічу, што кіраўнік тэатра, які ўцягвае трупу ў палітыку, ён не можа... Ён павінен адказваць за свае ўчынкі".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.