Дэпутатку Канапацкую не пускаюць на сустрэчы са школьнікамі
Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, якая ўваходзіць у апазіцыйную Аб'яднаную грамадзянску партыю, кажа, што яе не пускаюць на сустрэча са школьнікамі. Пра гэта яна напісала ў сваім акаўнце ў Фэйсбуку.
Кожны чацвёрты чацвер месяца ў гэтым навучальным годзе ў школах для вучняў 9-11-х класаў ладзіцца адзіны дзень інфармавання пад назвай "ШАГ" ("Школа актыўнага грамадзяніна"). На яго запрашаюць дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў, прадстаўнікоў органаў дзяржкіравання, дэпутатаў, а таксама вядомых асобаў.
"Я не стала чакаць запрашэння і як дэпутат парламента вырашыла правесці некалькі сустрэч са старшакласнікамі ў акрузе, распавесці пра заканатворчасць у краіне, пра сённяшні стан беларускага парламента, запрасіць ахвочых на экскурсію ў Палату прадстаўнікоў. Растлумачыць, чаму ў краіне важныя выбары і ў што яны ператварыліся за мінулыя 20 гадоў, распавесці пра недапушчальнасць фальсіфікацый вынікаў выбараў і крымінальнай адказнасці за гэтае злачынства.
Здавалася б, такія пытанні можна напрамую вырашыць са школьным дырэктаратам. Але не — першы ж дырэктар школы адказвае, што на сябе такую адказнасць ўзяць не можа і прапануе вырашаць пытанне праз упраўленне адукацыі раёна. З такім узроўнем самастойнасці і адказнасці кіраўнікоў будучыня школьнікаў выклікае сур'ёзныя асцярогі", — напісала Канапацкая.
Раней дэпутатка паведамляла, што ў яе ўзнікаюць праблемы з арганізацыяй сустрэч у працоўных калектывах.