Чаму Коўл не прыехаў у Мінск і чым могуць дапамагчы дэмсілы Беларусі?
Джон Коўл / "Позірк"
Чаму спецпасланнік ЗША па Беларусі Джон Коўл не прыехаў у Мінск вызваляць палітвязняў, хаця анансаваў гэты візіт? Ці можа Святлана Ціханоўская ды іншыя прадстаўнікі дэмсіл неяк паўплываць на рашэнні Дональда Трампа, і як сябе правільна паводзіць?
З гэтымі пытаннямі Еўрарадыё звярнулася да эксперткі па міжнароднай бяспецы, даследчыцы Lawfare Institute Кацярыны Шмацінай.
— Я лічу, няма калію — няма пра што размаўляць, — кажа суразмоўніца. — Інтарэс Вашынгтона да Беларусі — прагматычны. Калі няма нейкага прагрэсу ў гэтым кірунку, гэта ўплывае і на гуманітарны трэк.
— Ці могуць дэмсілы неяк паўплываць на працэсы, ці слова Ціханоўскай нічога не важыць, як пра гэта любяць пісаць прапагандысты?
— Калі даводзіцца сустракацца з амерыканскімі сенатарамі, бачна, што ім знаёма імя Святланы Ціханоўскай і яны ведаюць пра беларускія дэмсілы, — адказвае даследчыца. — І яны праяўляюць сімвалічную падтрымку, бо разумеюць, што нашы дэмсілы б'юцца за вялікую і прыгожую мэту. У пэўным сэнсе гэта рэпутацыйнае дасягненне — пазнавальнасць, яна ёсць і захоўваецца.
На ўзроўні публічнай рыторыкі, я думаю, дэмсілы дзейнічаюць у межах таго, што яны могуць рабіць. Рыторыка прыкладна такой і мусіць заставацца: палітыка дыпламатыі, нейкіх сімвалічных заяў.
У той жа час, я думаю, дэмсілам трэба зрабіць добры brainstorm і зразумець, які ў іх рэальны ўзровень пазнавальнасці і сувязі з беларусамі ўнутры краіны, і таксама падумаць, якія ў іх ёсць рэальныя рычагі ціску або нейкія прагматычныя рэсурсы. Бо мы бачым, што Лукашэнка працягвае захоўваць кантроль над усёй тэрыторыяй Беларусі і рэсурсамі — гэтыя рэсурсы ён добра прадае Вашынгтону.
І калі ты выступаеш супраць гэтага на ўзроўні ідэй і паціскання рук, гэта цудоўна, але трэба мець прагматызм і ад гэтага разлічваць сваю стратэгію.
Якія менавіта ёсць кантакты і рэсурсы, што могуць прапанаваць дэмсілы — я не ведаю. Але хацелася б больш рэальнай ацэнкі сваіх пазіцый і разумення, як яны могуць арыентавацца ў гэтых перамовах.