Долар па 20 тысяч і збор 30% пры пакупцы еўра за долары
Беларускія банкі знялі лішнія грошы з кліентаў падчас валютнага крызісу, але пазней вярнулі.
Падатак на пакупку валюты ў Беларусі адмянілі з 9 студзеня. Увялі яго з 20 снежня, але валютны ажыятаж пачаўся на пару дзён раней. Пра ўвядзенне падатку стала вядома 19-га снежня тады многія захацелі абмяняць апошні раз свае рублі на валюту. І калі ў абменіках яе проста не было, многія паспрабавалі зрабіць гэта хаця б праз пластыкавыя карткі.
Як адрэагавалі банкі на гэта?
Некаторыя кліенты "МТБанка" зрабілі пакупкі за валюту з рублёвых картак яшчэ да ўвядзення збору 17-19 снежня. Але праз некалькі дзён з іх знялі дадатковыя 30% збору за пакупку валюты. Аказалася, што дата пакупкі адна, але па рахунку яна праходзіць пазней ужо пасля ўвядзення збору. Пасля кансультацый з Нацбанкам грошы людзям вярнулі аўтаматычна 24 снежня.
Але на гэтым сюрпрызы ад банка не скончыліся. З некаторых кліентаў, якія маюць рахунак у доларах, узялі збор 30% за аплату ў еўра ці злотых.
"Калі карта валютная, то долары пераходзілі ў еўра, камісія ў 30% здымалася, але потым яе вярнулі. Канвертацыя не праз беларускія рублі была. Умоўна была пакупка еўра праз долары, а збор на пакупку валюты быў. Але потым гэтыя грошы вярнулі".
Некаторыя банкі адразу забаранілі любыя разлікі ў валюце па картках у беларускіх рублях. "БСБ-Банк", напрыклад, спаслаўшыся на тэхнічныя праблемы, зачыніў магчымасць пераводзіць грошы з рублёвых рахункаў на валютныя. Пазней на сайце банка курс долара па пластыкавых картках стаў 20 тысяч рублёў за долар.
"Зняў 800 долараў па курсе 11 380 рублёў за долар. На наступны дзень прыйшоў у краму, аказалася, што грошай няма на карце — спісалі 16 мільёнаў, гэта значыць, па 20 тысяч за долар! Банк кажа, што так заведзена, таму што транзакцыя завяршаецца ў тэрмін ад 1 да 5 дзён", — прыводзіць словы кліента банка форум сайта onliner.by.
На 19 снежня банк устанавіў курс 20 тысяч за долар па пластыкавай карце і, калі апрацавалася транзакцыя, зняў грошы па гэтым курсе.
Але ўжо больш за год дзейнічае пастанова Нацбанка, па якой грошы павінны здымацца па курсе на дзень пакупкі, а не на той дзень калі транзакцыя прайшла ў банку. "БСБ Банк" абяцаў вярнуць грошы — не вядома, ці вярнуў і колькі.
З-за несупадзення дня сапраўднай пакупкі валюты па карце і дня, калі транзакцыя праходзіць у самім банку, пацярпелі кліенты "БСБ Банка", "МТБанка" і "Прыёрбанка". Усе банкі пазней вярнулі 30% назад кліентам.
""Прыёрбанк" апавясціў сваіх кліентаў аб тым, што камісійны збор па аперацыях, зробленых па 2014/12/19 з выкарыстаннем банкаўскіх плацёжных картак, выпушчаных да рахункаў фізічных асоб у беларускіх рублях, банкам ўтрымлівацца не будзе. Такім чынам, па ўсіх безнаяўным аперацыях па картках, зробленых да 20 снежня, налічаная камісія была вернутая аўтаматычна", — кажуць Еўрарадыё ў банку.
Фота: kvedomosti.com