Два мінчукі ўклалі ў "Газпрам" 144 тысячы рублёў, пакуль западозрылі махляроў

Грошы, ілюстрацыйнае фота

Грошы, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Два мінчукі хацелі стаць акцыянерамі "Газпрома", а сталі ахвярамі махлярства. У Следчым камітэце пачалі крымінальную справу.

Два мужчыны (52 гады і 55 гадоў) паверылі ў фальшывую рэкламу "Газпрама", дзе ахвочым абяцалі "за адзін клік" стаць часткай прыбытковага бізнесу і гарантаваць сабе нябеднае жыццё. Мінчукі пакінулі на сайце свае кантактныя даныя.

Праз нейкі час ім ператэлефанаваў чалавек, які назваўся прадстаўніком кампаніі і сказаў, што ім трэба паставіць на свае гаджэты пару дадатковых праграм для далейшай працы. Таксама ён заявіў, што фінансавая праграма прапануе ўсім пачаткоўцам асабістых кансультантаў, каб арыентавацца ў таргах і своечасова папаўняць рахункі.

Мінчукі паводле ўказанняў куратара зарэгістравалі акаўнты і з банкаўскай карты пераводзілі грошы на розныя адрасы крыптакашалькоў. Яны папаўнялі рахункі на вялікія сумы. У лістападзе 2024-га на балансах сваіх крыптакашалькоў яны пабачылі вялікія сумы — 25 і больш за 30 тысяч долараў. Але вывесці гэтыя грошы мужчыны грошы яны не змаглі. Спярша ім прапаноўвалі аплаціць падаходны падатак у памеры некалькіх тысяч долараў, потым загаварылі пра абавязковую камісію.

Дайшло да таго, што мінчукі для жаданага вываду грошай прасілі пазыкі ў сяброў, а потым афармлялі яшчэ і крэдыты ў банку. Калі сума іх унёскаў перавысіла 144 тысячы рублёў, мужчыны западозрылі падман і звярнуліся ў Следчы камітэт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі