Каля 50 тысяч пацярпелых праходзяць па справе махлярскага кол-цэнтра
Махлярскі "кол-цэнтр" у Пінску
Больш за 49 тысяч пацярпелых праходзяць па крымінальнай справе пра дзейнасць махлярскага кол-цэнтра, паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
У студзені 2020 года чатыры жыхаркі Пінска зарэгістравалі фіктыўную юрыдычную асобу, якая нібыта займалася продажам тавараў праз інтэрнэт-краму. Яны арандавалі памяшканне ў цэнтры Пінска, дзе абсталявалі кол-цэнтр і нанялі больш за 100 супрацоўнікаў. Гэтыя "кол-менеджары" тэлефанавалі людзям ад імя інтэрнэт-крамы "Тавары для дома" і казалі, быццам тыя выйгралі камп'ютарную тэхніку, якую "пераможцу акцыі" адправілі поштай.
Атрымальнікі аплачвалі накладныя плацяжы, аднак ў каробках замест тэхнікі знаходзілі папяровае смецце, каталогі з таварамі і падарункавыя сертыфікаты на атрыманне смартфонаў, ноўтбукаў, планшэтаў ды іншай тэхнікі. Тым, хто спрабаваў скарыстацца сертыфікатам, аператары паведамлялі, што тавараў няма на складзе.
Грошы ад накладных плацяжоў ішлі на рахункі фігурантак, а інтэрнэт-крамы камп'ютарнай тэхнікі і склада з таварамі ніколі не існавала. Фірма дзейнічала тры гады, пакуль ёй не зацікавілася міліцыя.
На жанчын пачалі крымінальную справу па артыкуле "Махлярства". Следчыя выявілі, што жыхаркі Пінска завалодалі грашыма больш як 49 тысяч чалавек на суму звыш 2 мільёнаў рублёў. Грошы ішлі як самім арганізатаркам махлярскага бізнесу, так і на заробкі найманым работнікам. Следчыя правялі ператрусы ў офісным памяшканні, а таксама дома ў падазраваных. Канфіскавана больш за 100 адзінак камп'ютарнай тэхнікі. Накладзены арышт на нерухомасць і прадметы раскошы, набытыя за грошы, здабытыя злачынным шляхам. Адну з падазраваных узялі пад варту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.