Танкер з расійскай нафтай страціў кіраванне ў Балтыйскім моры
Украіна лічыць, што танкер уваходзіць у так званы "ценявы флот" Расіі
5 студзеня танкер Eventin, які перавозіў 99 тысяч тон расійскай нафты, страціў кіраванне каля берагоў нямецкага вострава Руген у Балтыйскім моры. Пасля некалькіх гадзін дрэйфу судна было ўзята на буксір нямецкім буксірам Bremen Fighter і накіравана ў бліжэйшы порт, паведамляе спецыялізаванае выданне gCaptain.
Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, Eventin пад панамскім сцягам накіроўваўся з расійскай Усць-Лугі ў егіпецкі Порт-Саід. Аднак Украіна лічыць, што танкер уваходзіць у так званы "ценявы флот" Расіі, які выкарыстоўваецца для транспарціроўкі нафты і нафтапрадуктаў у абыход санкцый.
Eventin звязаны з кампаніяй Wanta Shipping LLC, зарэгістраванай у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах. Па дадзеных Украіны, гэтая кампанія афіліравана з Fractal Marine DMCC, якая знаходзіцца пад брытанскімі санкцыямі за ўдзел у гандлі расійскай нафтай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.