Прапагандысты выпусцілі сюжэт пра паліталагіню Харысаву. Яна патлумачыла, што адбылося
Паліталагіня Аліна Харысава
Прапаганда выпусціла сюжэт пра паліталагіню Аліну Харысаву, экспертку і чальца Каардынацыйнай Рады. Паводле дзяржканала, у кастрычніку 2025 года Харысава запісала відэа, у якім казала, што гатовая супрацоўнічаць з СБУ. Але акаўнт, з якога з паліталагіняй перапісваўся "агент СБУ", апынуўся акаўнтам супрацоўніка КДБ.
Калі інфармацыя стала публічнай, Харысава прыняла рашэнне прыпыніць супрацоўніцтва з усімі арганізацыямі і ініцыявала праверкі ў свой бок. Яна дадала, што згодная прайсці паліграф.
"Я прызнаю, што, запісаўшы гэты "кружочак" паступіла дрэнна. Але я не зліла ніводнага слова і ніводнага факта. А прапаганда ўмее вельмі добра рабіць сюжэты з лайна і палак", — напісала Харысава.
Паліталагіня таксама пракаментавала абставіны, пры якіх пагадзілася запісаць відэа, у якім выражае згоду на супрацу з "СБУ Украіны".
"У той час на мяне аказваўся вялікі ціск. Маіх сваякоў затрымлівалі, а мне пагражалі і ўвесь час тэлефанавалі. Паралельна ў мяне былі суіцыдальныя думкі, мне дыягнаставалі дэпрэсію сярэдняй цяжкасці, пасадзілі на таблеткі. Прыкладна ў гэты ж час мяне збіла машына з п'яным кіроўцам... Ну вы разумееце, які стан у мяне быў, — тлумачыць абачлівы ўчынак паліталагіня. — Я была ў вельмі ўразлівым становішчы, калі "прадстаўнік СБУ" на працягу некалькіх дзён угаворваў мяне пайсці з імі на кантакт. Ён пераконваў, што гэта робіцца для таго, каб Украіна і беларускія дэмсілы наладжвалі кантакт. Праз гэта я і выйшла на сувязь".
Яна прыгадвае, што "агент СБУ" паводзіў сябе дзіўна: задаваў шмат пытанняў, якія ўвогуле не датычыліся Украіны.
"Я ніводнага разу не напісала [у адказ] нічога звыш таго, што ёсць у пабліку", — паўтарае Харысава.
Яна дадае, што за інфармацыю ёй не прапаноўвалі аплату.