Стала вядома, хто вядзе сацсеткі затрыманага дырэктара ZROBIM
ZROBIM architects / @zrobim_architects
Пацвердзілася інфармацыя пра тое, што кіраўнік ZROBIM architects Андрэй Макоўскі знаходзіцца ў СІЗА. Еўрарадыё паведамляла пра гэта раніцай, 5 чэрвеня, са спасылкай на дзіўныя допісы ў сацсетках Макоўскага.
"Прывітанне з СІЗА! Плаціце падаткі цалкам, рабяты!" — такі пост з'явіўся ў акаўнце бізнесмена.
Шмат хто падумаў, што кантроль над гаджэтамі атрымалі сілавікі, але цяпер жонка Макоўскага сцвярджае, што пасты публікуе яна сама.
"У сваіх лістах (з СІЗА — Еўрарадыё) ён дасылае мне паведамленні, якія хоча з вамі абмеркаваць. Так што далёка не разыходзіцеся", — тлумачыць жонка Макоўскага.
У першы раз сілавікі прыйшлі ў мінскі офіс ZROBIM architects 9-га красавіка. Там адбыліся ператрусы, супрацоўнікі студыі былі затрыманыя. Пазней стала вядома, што кампанію абвінавачваюць у нявыплаце падаткаў. Але блізкі да ўладаў тэлеграм-канал намякнуў, што прычына ўвагі да архітэктараў — выказаная публічна незадаволенасць Макоўскага тым, што ZROBIM абавязаныя наняць у штат ідэолага.