Брэсцкую баптыстку садзілі ў ІЧУ за велікоднае сведчанне на вуліцы

Наталля Бандарук

Наталля Бандарук / t.me/christianvision

У Беларусі за краты трапіла 23-гадовая верніца Наталля Бандарук. 12 красавіка, у Вялікадзень, яна разам з іншымі маладымі хрысціянамі стаяла на вуліцы Савецкай з карцінамі пра велікодныя падзеі і расказвала мінакам пра Хрыста. Пра гэта піша "Хрысціянская візія" са спасылкай на Міжнародны саюз цэркваў евангельскіх хрысціян-баптыстаў (МСЦ ЕХБ).

Як паведамляюць у МСЦ ЕХБ, непасрэдна на Вялікдзень міліцыя прэтэнзій не выказвала. Але 9 чэрвеня Наталлю выклікалі на допыт — нібыта праз удзел у "няўзгодненым мерапрыемстве". Яе асобу высветлілі па фатаграфіі ў Інстаграме.

Міліцыянты патрабавалі, каб дзяўчына назвала іншых удзельнікаў, ёй пагражалі і абражалі. Пасля больш як трох гадзін допыту Наталлю адправілі ў ізалятар часовага ўтрымання. 10 чэрвеня яе наведаў адвакат, але абвінавачванне ёй на той момант афіцыйна не выставілі, а тэрмін затрымання заставаўся невядомым.

У МСЦ ЕХБ падкрэсліваюць, што вернікі не ўдзельнічалі ў масавым мерапрыемстве, а асабіста дзяліліся сваёй верай з мінакамі.

Дарэчы, Наталля — сястра былога палітвязня-баптыста Данііла Бандарука

11 чэрвеня каля 16-й гадзіны паводле мінскага часу стала вядома, што Наталля Бандарук ужо на волі. Яна напісала ў сацсетках, што з ёй усё добра.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.