Джон Коўл патлумачыў, чаму не паехаў у Беларусь разам з пастарам Грэмам
Спецпасланнік ЗША Джон Коўл / Reuters
Спецпасланнік ЗША Джон Коўл заявіў, што адмовіўся ад паездкі ў Беларусь у траўні гэтага года па ўласнай ініцыятыве.
Так ён адказаў на публічны допіс беларускага палітыка Валерыя Цапкалы. У ім Цапкала выказаў меркаванне, што кантакты паміж афіцыйным Мінскам і Вашынгтонам астылі праз публічную камунікацыю Коўла са Святланай Ціханоўскай. Менавіта пагаршэннем адносін палітык растлумачыў адсутнасць Коўла ў складзе амерыканскай дэлегацыі, якая наведала Мінск у траўні.
"У вас усё выкладзена няправільна. Я не паехаў падчас апошняга візіту па ўласным рашэнні", — напісаў Коўл.
Ён дадаў, што травеньская паездка была арганізаваная для таго, каб пастар Франклін Грэм змог выступіць з пропаведдзю ў Беларусі.
"Мая праца не была часткай гэтай паездкі", — адзначыў Коўл.
Спецпасланнік ЗША Джон Коўл цягам года наладжвае кантакты з афіцыйным Мінскам па даручэнні прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Вынікам гэтай камунікацыі стала вызваленне сотняў палітычных зняволеных. У адказ з беларускага рэжыму быў зняты шэраг санкцый.