Мінчанку спрабавалі згвалтаваць у таксі — раім, што варта рабіць у такім выпадку

Ахвяра нападу ў таксі не стала звяртацца па дапамогу

Ахвяра нападу ў таксі не стала звяртацца па дапамогу / @rubanau_collage

У рэдакцыю Еўрарадыё звярнуліся знаёмыя дзяўчыны, якую спрабаваў згвалціць кіроўца аднаго з распаўсюджаных у Беларусі сэрвісаў таксі. Як доказ яны даслалі скрыншот сторыс з гісторыяй, прыватнымі звесткамі кіроўцы і назвай сэрвісу, якія мы спецыяльна ананімізавалі, пакуль не скончыцца разбіральніцтва.

Мінчанку спрабавалі згвалтаваць у таксі — раім, што варта рабіць у такім выпадку
Cкрыншот сторыса аб здарэнні / Eўрарадыё

Здарэнне адбылося на мінулым тыдні ў Мінску, але іншыя акалічнасці яго застаюцца невядомымі — ахвяра адмовілася ад размовы з рэдакцыяй, а таксама не падавала скаргу ні ў міліцыю, ні ў сам сэрвіс.

Мы вырашылі праверыць гісторыю, звярнуўшыся у таксі-сэрвіс па каментар, ці сапраўды нешта такое адбылося. 

У службе падтрымкі кампаніі нам расказалі, што профіль кіроўцы — на дадатковай праверцы ў “Службе якасці”, а таксама сітуацыя правяраецца па лініі таксапарку, у якім зарэгістраваны таксіст. 

“Там разглядаецца пытанне яго далейшага працаўладкавання. Сітуацыя вельмі сур’ёзная і такога не павінна адбывацца ў межах сэрвісу, — падкрэсліў супрацоўнік службы падтрымкі падчас тэлефоннай размовы. — Мы не можам сказаць, ці гэты чалавек цяпер на лініі, бо не было звароту ў сэрвіс і праваахоўныя органы. Калі ён паступіць, мы зможам даць больш дэтальную інфармацыю пра гэта”.

У кампаніі параілі ў выпадку ўжывання гвалту ці спробы згвалтавання з боку кіроўцаў такса адразу звяртацца ў праваахоўныя органы. Бо зварот у сэрвіс не дасць шмат плёну — служба падтрымкі адрэагуе, але не зможа прыехаць на месца падзеі і вырашыць сітуацыю. 

Падрыхтуйце смартфон ці не забывайцеся зваць на дапамогу

Як сябе паводзіць у таксоўцы, калі на цябе хоча напасці кіроўца таксі? Свае парады Еўрарадыё дала праваабаронца і феміністка Наста Базар.

"Як можна падаць сігнал SOS з дапамогай тэлефона?" / TIMOXA LIFE

“У розных смартфонаў SOS-сігнал працуе па-рознаму. Часцей за ўсё гэта паслядоўнае націсканне кнопкі выключэння гаджэта, якое можна настроіць на тэлефанаванне альбо ў міліцыю, альбо кантактам, якім вы давяраеце. Смартфон таксама можа запісаць відэа і гук таго, што адбываецца з вамі проста цяпер. Карацей, трэба ў гэтым абавязкова разабрацца, калі вы адчуваеце, што можаце трапіць у небяспеку”, — раіць праваабаронца. 

Таксама SOS-сігнал можа ўключаць сірэну і гучныя гукі, якія напужаюць нападніка ці прымусяць яго адступіць. Калі ў вашым смартфоне няма такога функцыяналу, Наста Базар раіць паспрабаваць гучна закрычаць і паклікаць на дапамогу. 

Гэта таксама можа дапамагчы вырашыць сітуацыю ці дасць вам магчымасць выйсці з небяспечнай сітуацыі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі